Віталю Шкляраву змененая мера стрымання — з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе
Паліттэхнолагу Віталю Шкляраву змененая мера стрымання — з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе. Пра гэта БелаПАН паведаміў яго адвакат Антон Гашынскі.
Паводле слоў абаронцы, Шклярава выпусцілі з СІЗА ў пятніцу, 16 кастрычніка, і змясцілі пад хатні арышт. „У панядзелак увечары 19 кастрычніка мера стрымання зноў была змененая — на падпіску аб нявыездзе, і яго адвезлі да хворай маці. Зараз Шкляраў з мамай у Менску. Яна знаходзіцца ў цяжкім стане, ёй патрабуецца апрамяненне і хіміятэрапія”, — распавёў Гашынскі.
Шкляраў па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе абвінавачанага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). „Мы будзем дамагацца зняцця абвінавачвання. Пакуль падпіска аб нявыездзе дзейнічае да канца следства”, — сказаў адвакат.
Гашынскаму невядома пра тое, ці будуць нейкія следчыя дзеянні ў дачыненні да яго падабароннага найбліжэйшым часам.
Палітычны кансультант Віталь Шкляраў быў затрыманы 29 ліпеня ў Гомелі, куды прыехаў наведаць маці. Першапачаткова пра затрыманне Шклярава паведаміў дзяржаўны тэлеканал ОНТ. У сюжэце прагучала, што, „паводле версіі спецслужбаў, ён кансультаваў адміністратара груп у розных сацыяльных сетках, аб’яднаных агульнай назвай „Краіна для жыцця”. Праект „Краіна для жыцця” быў арганізаваны Сяргеем Ціханоўскім (мужам экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай), які цяпер знаходзіцца ў зняволенні і абвінавачваецца ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў „арганізацыі масавых беспарадкаў”.
Пазней маці Віталя Ніна Шклярава ў каментары БелаПАН адмаўляла, што яе сын мог працаваць са штабам Ціханоўскай. „Ён прыехаў да мяне як звычайна, прывёз унука на лета, ні з якой Ціханоўскай ён не працаваў, гэта проста глупства!” — заявіла маці Шклярава.
7 жніўня стала вядома, што Шкляраву выстаўленае абвінавачванне. Тады ж адвакат заявіў, што яго падабаронны не прызнае віны, а таксама скардзіцца на націск з боку адміністрацыі следчага ізалятара.
8 жніўня беларускія праваабаронцы абвясцілі Віталя Шклярава палітвязнем.
29 верасня яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы.
Шкляраву і яшчэ шасці палітвязням мера стрымання была змененая пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка. Акрамя Шклярава на сустрэчы прысутнічалі былы кіраўнік „Белгазпрамбанка”, экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, яго сын, кіраўнік перадвыбарнага штаба Эдуард Бабарыка, медыятар Лілія Уласава, юрысты Максім Знак і Ілья Салей, палітолаг і актывіст Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, бізнесмен, сузаснавальнік інтэрнэт-выданняў kyky.org і The Village Belarus, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і „Галерэі Ў” Аляксандр Васілевіч, Кірыл Бадзей, які займаў да арышту пасаду в.а. старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, Сяргей Дабралёт, былы намеснік старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, і Сяргей Ціханоўскі, відэаблогер, аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця”, муж экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
На наступны дзень двум удзельнікам — Юрыю Васкрасенскаму і Дзмітрыю Рабцэвічу — была змененая мера стрымання на хатні арышт. Увечары 13 кастрычніка пад падпіску аб нявыездзе выпусцілі яшчэ двух фігурантаў „справы PandaDoc” — галоўнага бухгалтара Юлію Шардыку і HR Уладзіслава Міхалапа. 16 кастрычніка на хатні арышт быў пераведзены Ілья Салей. 19 кастрычніка стала вядома пра змену меры стрымання Віталю Шкляраву і Ліліі Уласавай.
belapan.by