Агляд прэсы: наступствы каронавіруса можна чакаць і праз год
Выяўленыя новыя пашкоджанні, што наносіць каронавірус новага тыпу. Ва Украіне грымнуў скандал вакол кнігі пра савецкага паэта-дысідэнта. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
Доўгатэрміновыя пашкоджанні сэрца, магчымыя ў некаторых людзей, якія акрыялі ад COVID-19, устрывожылі лекараў, піша аўтар польскай газеты Rzeczpospolita Артур Барткевіч. Лекары выявілі, што праходжанне COVID-19 парушае працэс згусальнасці крыві і пашкоджвае лёгкія і іх здольнасць насычаць кроў свежым кіслародам, гаворыцца ў даследаванні Амерыканскага каледжа кардыялогіі. Найбольшая рызыка паражэння сэрца выклікана ў тых, каму давялося ляжаць на штучнай вентыляцыі лёгкіх, піша доктар Шон Піні і яго калегі па медыцынскай школе Ікана. Лекары адзначаюць, што ў кожнага трэцяга чалавека, які выжыў пасля таго, як захварэў на каронавірус SARS, які атакаваў у перыяд з 2003 па 2004 год, — праз год пасля хваробы была парушаная праца лёгкіх. Між тым, COVID-19, падкрэсліваюць яны, шкодзіць лёгкім і сэрцу нават больш, чым SARS. Іншае даследаванне, пра якое паведаміла CNN, паказвае, што асобы, якія пакутуюць на атлусценне, павышаны ўзровень цукру ў крыві, высокі крывяны ціск і высокі ўзровень халестэрыну падвяргаюцца большай рызыцы ўскладненняў ад SARS-CoV-2. Той факт, што атлусценне з’яўляецца адным з фактараў, якія падвяргаюць пацыента больш цяжкаму праходжанню хваробы на COVID-19, лекары адзначаюць ужо даўно.
Ва Украіне тым часам буйны скандал, звязаны з публікацыяй кнігі пра Васыля Стуса — вялікага ўкраінскага паэта, якога рэпрэсавала савецкая ўлада. Адвакатам на судзе ў яго выступаў Віктар Медзьвядчук, які быў звязаны з КДБ, а ў постсавецкія гады рэзка зрабіўся алігархам. Цяпер менавіта ён, былы адвакат Стуса, якога сам паэт называў „другім пракурорам”, падаў у суд на аўтара кнігі „Справа Васыля Стуса” Вахтанга Кіпіяні. А суд учора вызнаў, што некаторыя фразы з выдання „парушаюць гонар і годнасць” Медзьведчука. Тым часам яшчэ за суткі да суда ўвесь наклад скандальнай кнігі быў раскуплены, друкуецца ўжо другі. Гісторык і журналіст Вахтанг Кіпіяні ў прамым эфіры „Грамадскага” радыё ў Кіеве распавёў, у чым справа і як савецкае мінулае не дае спакойна дыхаць Украіне нават цяпер, у 2020-м: у Мядзьведчука было 30 гадоў, каб сфарміраваць сваё стаўленне да таго, хто для яго Стус і як выглядае гэты працэс. Усе гэтыя гады ён скрыгатаў зубамі і казаў, што не цікавіцца гэтай тэмай, хаця рэгулярна судзіцца з людзьмі, якія цікавяцца гэтай тэмай. Ідзе вайна будучыні з мінулым, і, як ні дзіўна, Васыль Стус — гэта будучыня, а Віктар Медзвядчук — мінулае. І гэтага канфлікту пазбегнуць нельга. Суд размаўляў не толькі пра кнігу, адвакат Медзьведчука рэгулярна нападаў на мёртвага паэта. Гэта было настолькі агідна, што, думаю, для многіх людзей гэта быў момант ісціны, бо ў гэтым сутнасць працэсу. На прэзентацыях кнігі мяне часта пытаюць пра постаць Медзьведчука ў гэтым працэсе. Я заўсёды казаў, што буду ў нейкім родзе яго адвакатам. Тады ён быў маленькай нязначнай фігурай, ён нічога не вызначаў. Рашэнне аб асуджэнні Стуса было прынята ў Маскве. Гэта залежала ад таго, хто будзе чалавекам. У Савецкім Саюзе былі юрысты, якія былі прафесіяналамі і годнымі грамадзянамі, якія змагаліся за свайго кліента. Ці атрымлівалі за гэта прызы? Не. Яны проста рабілі сваю працу. А Медзьвядчук дрэнна рабіў сваю працу, бо не карыстаўся інструментамі, даступнымі савецкаму адвакату, фактычна пакідаючы свайго кліента безабаронным. І нават адвакат Медзьведчука ў апеляцыі заявіў, што Стус не хацеў, каб яго абаранялі. Уявіце, што гэта за юрыст, кліент якога кажа, што не давярае яму, спрабуючы абараніцца самастойна. У гэтым выпадку прыстойны адвакат павінен проста падаць у адстаўку. Урэшце, не кантактуючы з чалавекам, ён не зможа яго абараніць. І Медзьвядчук адбыў справу да самага канца. У рэшце рэшт, калі ён мог сказаць суду, што Стус не меў намеру дзейнічаць супраць савецкага ўраду, ён сказаў: „Кваліфікацыя дзеянняў майго падабароннага правільная”. Гэта значыць, ён спачуваў абвінавачванню. Гісторыя гэтага — сутнасць спрэчкі. Насамрэч у мяне няма канфлікту з Мядзьведчуком, я яго ніколі не бачыў. У палітычным сэнсе ён для мяне агідная постаць, але я не пішу пра яго сёння, а пішу пра тое, што нават тады ён быў правадніком інтарэсаў Масквы, — сказаў Вахтанг Кіпіяні ў эфіры „Грамадскага” радыё.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.