Раман Якаўлеўскі: Пакуль рана казаць пра паляпшэнне беларуска-амерыканскіх адносін



Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з чыноўнікам дзярждэпартаменту ЗША. У Менску з візітам сёння знаходзіцца намеснік памочніка дзяржсакратара Эрык Рубін. Як адзначае прэс-служба кіраўніка Беларусі, “на сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні беларуска-амерыканскіх адносін, у тым ліку праблемнага характару. Разам з тым бакі адзначылі станоўчую дынаміку ў адносінах”. У выпадку беларуска-амерыканскіх адносінаў словы пра паляпшэнне пакуль застаюцца словамі, – мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

– Пра рэальную нармалізацыю адносін паміж дзвюма краінамі будзе сведчыць тое, што павялічыцца персанал амерыканскай амбасады ў Менску. Вось гэта, на мой погляд, будзе галоўнай прыкметай. Не будзе гэтага – значыць нельга казаць пра паляпшэнне, альбо нармалізацыю.

У сакавіку 2008 года Беларусь змусіла амбасадарку ЗША пакінуць дыпламатычную працу ў Менску і скараціць колькасць супрацоўнікаў амерыканскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі. ЗША здзейснілі адпаведныя крокі ў адказ. Пытанне паўнавартаснай працы амбасадаў абедзвюх краінаў дагэтуль не вырашанае.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя