Ціханоўская сустрэлася з супрацоўнікамі сілавых структур, якія перайшлі на бок народа



У Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, якія перайшлі на бок народа. Яны аб’ядналіся ў ініцыятыву ByPol, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

На сустрэчы прысутнічаў каардынатар ByPol ​​Андрэй Астаповіч – былы старшы следчы СК Беларусі, капітан юстыцыі. Таксама на сустрэчы былі ўдзельнікі ініцыятывы ByPol. Ігар Лобан – былы следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення СК па Гарадзенскай вобласці, маёр юстыцыі. Мацвей Купрэйчык – былы старшы оперупаўнаважаны АНіСГЛ галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Менгарвыканкама, старшы лейтэнант міліцыі. Уладзімір Жыгараў – былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС, лейтэнант міліцыі.

Яны звярнуліся да Святланы Ціханоўскай з намерам стварыць прафсаюз сілавых структур. Закон Беларусі не прадугледжваў наяўнасць такога – але сваім легітымным лідарам прадстаўнікі ByPol ​​лічаць менавіта Святлану Ціханоўскую, таму спыталі яе дазволу.

«Мы хочам, каб сілавікі не былі цалкам залежныя ад начальніцкага складу і разумелі, што калегі іх падтрымаюць. Да нас ужо далучыліся каля 20 супрацоўнікаў сілавых структур і далучаюцца яшчэ. Мы заклікаем нашых калегаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, пераходзіць на наш бок. Мы давалі прысягу народу. У нас ёсць падтрымка і інфраструктура, каб дапамагчы вам захаваць сваё сумленне».

Святлана падтрымала стварэнне прафсаюза і прапанавала суразмоўцам правесці асобную закрытую сустрэчу па пытанні пераходу супрацоўнікаў сілавых структур на бок беларускага народа.