Улады збіраюць у Менску свой мега-мітынг



Мяркуючы па паведамленнях чытачоў «Нашай Нівы», улады хочуць пайсці ва-банк і сабраць у Менску мега-мітынг. Выглядае, што да раёнаў даведзены план па колькасці ўдзельнікаў, а кіраўнікі на месцах выкручваюцца, каб яго выканаць. Ехаць ніхто асабліва не рвецца, таму на некаторых прадпрыемствах за паездку нават прапануюць грошы.

Фота nashaniva.by

Вось што напісалі чытачы.

«Бацька працуе ў Маладзечне, [назву прадпрыемства мае Рэдакцыя]. Сёння праходзіў сход наконт праўладнага мітынгу 25 кастрычніка. «Даведзена» колькасць ад Маладзечанскага раёна — 1500 чалавек. Аплата, як я зразумеў, за кошт арганізацый».

«Столінскі раён абавязаны паслаць 800 чалавек. Разнарадка».

«У Столінскім [назву прадпрыемства мае Рэдакцыя] старшыня прафкама абвясціў, хто жадае на выхадныя паехаць на праўладны мітынг у Менск. Але ўсе, хто прысутнічаў з рабочых, адмовіліся.

«У Магілёве таксама збіраюць работнікаў садкоў».

«Філіялы ў Магілёўскай вобласці ААТ«Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» (дзяржаўнае прадпрыемства, падпарадкавана Магілёўхлебпраму), у тым ліку раённыя пад зусім злёгку прыкрытай пагрозай звальнення/непрадаўжэння кантракту прымушаюць ехаць 25.10 у Менск на мітынг за Лукашэнку. Кіруючы склад (дырэктары, галоўбух, галоўныя інжынеры, начальнікі падраздзяленняў) абавязаны быць у абавязковым парадку».

«Сёння (20 кастрычніка) збіралі ўсіх дырэктараў школ і загадчыкаў дзіцячых садкоў Фрунзенскага раёна Мінска. Паведамілі, што 25 кастрычніка адбудзецца мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Патрабавалі 100% яўкі ўсіх супрацоўнікаў: настаўнікаў, дворнікаў, тэхнічак і г.д. Усяго загадана сабраць 10 000 чалавек ад Фрунзенскага раёна».

«З Віцебска 90 чалавек з СІЗА едзе 25.10 прымусова».

«На вілейскім хлебазаводзе прапаноўваюць з’ездзіць на мерапрыемства, абяцаюць заплаціць».

«У Гародні па дашкольных установах збіраюць людзей на паездку ў Менск 25.10».

«Ёсць інфармацыя, што ў нядзелю з Берасця на Менск едзе 4 дадатковыя цягнікі з 72 вагонамі ў суме».

«На выхадныя, хутчэй за ўсё 25 чысла, у прымусовым парадку гоняць афіцэраў МНС з Берасця. Павязуць сваім аўтобусам. Сёння складалі спісы».

«Інфармацыя ад ідэолага, Навабеліцкі раён Гомеля. Сапраўды збіраюць, як адказ ультыматуму Ціханоўскай, квота з калектыву 200 чалавек — 20 чалавек. Прычым людзям прапануюць не казаць пра мітынг, а казаць, што людзі паедуць на экскурсію і прапануюць узяць з сабой цёплыя рэчы».

«Лінгвагуманітарны каледж Менск. Сказалі, усе супрацоўнікі павінны быць на праўладным мітынгу».

«Маю маму (сацыяльны педагог СПЦ аднаго з раёнаў Менска) клікалі, але яны ўсім калектывам адмовіліся».

«На ЗЛіНе працую, збіраюць па 3 чалавекі з цэха, нешта каля 50 з завода, абяцаюць два адгулы, з Гомеля нібыта поўны ранішні цягнік збіраюцца адправіць на мітынг 25 кастрычніка».

«У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз паведамілі, што будзе мітынг, і спрабавалі адправіць на яго супрацоўнікаў. Усе адмовіліся».

Так што, магчыма, на гэтых выхадных паўторыцца сітуацыя 16 жніўня, калі два бакі «мерыліся мітынгамі». Тады, нагадаем, лукашэнкаўцы звезлі 15 тысяч чалавек, а на Марш свабоды выйшла да 300 тысяч.

nashaniva.by