На расейскім ТБ прагучаў „саюзны” ультыматум Лукашэнку
Вядучая праграмы „Вынікі тыдня” на расейскім тэлеканале НТВ Ірада Зейналава 18 кастрычніка, кажучы пра бесперапынныя пратэсты ў Беларусі, жорстка раскрытыкавала беларускія ўлады.
Датычна заяў Лукашэнкі аб дружбе з Расеяй яна заявіла, што для РФ „цяпер важней вынік, наколькі Лукашэнка зможа дамовіцца са сваім народам і наколькі яго запэўненням павераць самі беларусы”.
Вядучая адзначыла, што Менск атрымаў ад Масквы крэдыт на 500 млн долараў, „які адразу ж вярнуўся ў Расею ў якасці доўгу за газ”.
„Ён (Лукашэнка — НЧ.) павінен зразумець, што наступны транш, які таксама сыдзе на аплату даўгоў, будзе вельмі моцна залежаць ад таго, як ён выканае свае абяцанні: і па транзіце нафтапрадуктаў праз нашы парты, і па рэферэндуму па Канстытуцыі, пасля якога павінны прайсці выбары”, — сказала вядучая.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што Расея не ўмешваецца ў справы Беларусі, але не хоча даваць грошы тым, хто не выконвае абяцанні.