A1 Telekom Austria Group адзначае ўплыў палітычнай нявызначанасці на бізнес у Беларусі



Аўстрыйскі тэлекамунікацыйны холдынг A1 Telekom Austria Group адзначае ўплыў палітычнай нявызначанасці на бізнес у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў фінансавай справаздачы аб працы ў трэцім квартале 2020 года, якая змяшчае звесткі пра вынікі аперацыйнай дзейнасці даччынай кампаніі холдынга ў Беларусі — унітарнага прадпрыемства А1.

 

У тлумачальнай запісцы да справаздачы адзначаецца, што кліенты ўсіх інтэрнэт-правайдараў Беларусі пацярпелі ад адключэння сэрвісу 9—12 жніўня. Пры гэтым А1 стаў першым аператарам, які публічна паведаміў пра перабоі ў аказанні паслуг з-за іх абмежавання з боку дзяржаўных правайдараў, якія валодаюць манапольным правам на доступ да знешняга каналу сувязі.

Таксама паведамляецца, што на працягу жніўня і верасня ўсім аператарам у Беларусі было загадана знізіць прапускную здольнасць сваёй мабільнай сеткі ў Менску на працягу абмежаванага перыяду часу. Кампанія А1 выканала патрабаванні ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, адкрыта і публічна паведамляючы пра кожнае падобнае рашэнне беларускіх уладаў.

А1 кампенсаваў абанентам абмежаванне доступу ў інтэрнэт прапарцыйна памеру абаненцкай платы, падаваў ім бясплатныя SMS, галасавы сэрвіс і пакеты інтэрнэт-трафіку.

„Тым не менш гэтая сітуацыя прывяла да павелічэння колькасці скаргаў кліентаў і незадаволенасці аператарамі сувязі”, — падкрэслівае A1 Telekom Austria Group.

Адзначаецца таксама, што апошнім часам функцыі SMS-вяшчання аператара сталі выкарыстоўвацца „ў якасці рэгулярнага ўрадавага канала для інфармавання грамадзян аб парушэннях нацыянальнай бяспекі”.

У холдынгу канстатуюць, што зніжэнне даверу да палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі прывяло да вымання дэпазітаў з банкаўскай сістэмы і канвертацыі іх у цвёрдую валюту, што прывяло да дэвальвацыйнага націску на беларускі рубель.

З-за негатыўнага валютнага эфекту агульная выручка знізілася ў еўра-выражэнні, у той час як яна рэзка вырасла на 12,4% у мясцовай валюце — у асноўным за кошт павелічэння выручкі ад продажу тэрмінальнага абсталявання. У пераліку на мясцовую валюту паказчык EBITDA (прыбытак да выліку амартызацыйных выдаткаў, працэнтаў па даўгах і падаткаў) павялічыўся на 11,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У пераліку на еўра паказчык EBITDA знізіўся на 13,6%.

Як паведамлялася, пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня, якасць аказання паслугі мабільнага інтэрнэту пагаршаецца рэгулярна падчас акцый пратэсту па патрабаванні „ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў”, якія разлічваюць тым самым перашкодзіць пратэстоўцам каардынаваць свае дзеянні.

А1 — правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Камерцыйную дзейнасць кампанія пачала 16 красавіка 1999 года, стаўшы першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Telekom Austria Group, якая з’яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем транснацыянальнага холдынгу America Movil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў бесправадных паслуг. Да жніўня 2019 года кампанія вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom.

belapan.by