«Быў. Ёсць. Буду». Гурт «Irdorath» прэзентаваў новы кліп на словы Караткевіча
Відэакліп з’явіўся на старонках гурта ў сацыяльных сетках увечары 20 кастрычніка з тэкстам: «Якім бы цяжкім не быў час зараз, мы не здаемся. З вялікай любоўю да свайго народу і з надзеяй у сэрцах мы прадстаўляем новую відэапрацу: IRDORATH — „Быў. Ёсць. Буду”. Словы — Уладзімір Караткевіч, музыка — Irdorath. Жыве Беларусь!»
Гурт «Irdorath» шырока вядомы прыхільнікам цяжкай музыкі ў Беларусі і за яе межамі. Гурт, які быў заснаваны ў 2011 годзе, з’яўляецца адным з самых вядомых беларускіх калектываў у сваім напрамку. У 2017 годзе „Irdorath” першым сярод беларускіх калектываў выступіў на Wacken Open Air — найбуйнейшым метал-фэсце Еўропы. Пад час сёлётніх падзей беларускі Інтэрнет абляцела відэа, на якім валыншчыкі крочаць разам з калонай па вуліцах Менску, выконваючы песню «Перемен» Віктара Цоя. Гэтымі валыншчыкамі былі ўдзельнікі гурта «Irdorath».
Песня «Быў. Ёсць. Буду» з’яўляецца не першай, напісанай пад уражаннем ад сёлётніх падзей. У пачатку верасня была прэзентавана песня «Крылы» на словы Надзеі Irdorath (удзельніца гурта). Натхняльная і кранальная песня не набрала дзясяткі тысяч праглядаў на Youtube, але дакладна гэтага заслугоўвае.