У дачыненні Статкевіча доўгі час не праводзяць ніякіх следчых дзеянняў
Следчых дзеянняў у дачыненні да апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча не праводзіцца з верасня, – паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімір Сазанчук. Ён наведваў палітыка ў Жодзінскім СІЗА некалькі дзён таму.
Адвакат адзначыў, што са здароўем у Статкевіча ўсё „больш-менш нармальна”. „Раней ён прыхварэў, але ўжо паправіўся”, — дадаў абаронца.
Жонка Статкевіча Марына Адамовіч распавяла, што следчыя органы адмаўляюць ёй у сустрэчах з мужам, хоць заканадаўства бачыцца са сваякамі дазваляе.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая, калі накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты каля Камароўскага рынку ў Менску.
Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да Мікалая Статкевіча, між іншым, распачатая крымінальная справа па артыкуле – падрыхтоўка да масавых беспарадкаў.
Праваабаронцы прызналі Статкевіча палітычным вязнем.
Беларускае Радыё Рацыя