У Берасці судзяць журналіста Максіма Хлябца і фатографа Рамана Чмяля



 18 кастрычніка фатографа Рамана Чмяля і журналіста Максіма Хлябца, які супрацоўнічае з нашым радыё, затрымалі сілавікі падчас асвятлення нядзельнай пратэстнай акцыі ў Берасці. Пасля гэтага хлопцаў змясцілі ў ізалятар Ленінскага РАУС Берасця на 72 гадзіны.

Сёння ж у судзе Ленінскага раёна горада пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы паводле артыкула КоАП РБ 23.34 ч.1 («парушэнне парадка арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў») у дачыненні да журналіста.

У суд яго даставілі пад канвоем перад самым закрыццём установы і без тэлефона, а інтарэсы Максіма Хлябца прадстаўляла адвакатка, якая адразу заявіла хадайніцтва:

– Высокі суд, я прашу перапынак для азнаямлення з матэрыяламі адміністрацыйнай справы.

Суддзя:  Хадайніцтва задавальняю. Па справе аб’яўляецца перапынак.

Пасля таго як суддзя Аляксандр Семянчук хадайніцтва аб перапынку задаволіў, Максіма Хлябца адпусцілі з-пад варты як і яго калегу Рамана Чмяля.

Разгляд справы ў дачыненні да яго працягнецца 22 кастрычніка ў 11:00. Перапынак у разглядзе справы ў дачыненні да фатографа абвечаны да 23 кастрычніка.

Адразу пасля вызвалення Максім Хлябец падзякаваў калегам за падтрымку і накіраваўся на сустрэчу з рэдактарам «Берасцейскай газеты», дзе працуе пазаштатным карэспандэнтам.

Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да абодвух журналістаў адпраўлены на дапрацоўку, калі адбудзецца і ці адбудзецца разгляд – невядома, таму Максім Хлябец і Раман Чмель застаюцца на волі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце