Чатырох з шасці арыштаваных журналістаў перавялі са сталічнага ізалятара ў Баранавічы
Чатырох з шасці журналістаў, арыштаваных па рашэнні суда пасля затрымання пераважна ў мінулыя выхадныя, перавялі з ізалятара ў Менску ў Баранавічы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Так, у Баранавічы пераведзеныя журналісты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала tut.by Усевалад Зарубін і Вадзім Заміроўскі, карэспандэнт польскага тэлеканала „Белсат” Алесь Любянчук, карэспандэнт газеты „Беларусы і рынак” Арцём Маёраў.
Карэспандэнт сеткавага выдання onliner.by Дар’я Спевак і фрылансар Алена Доўнар застаюцца на Акрэсціна.
Паводле інфармацыі БАЖ, раніцай 22 кастрычніка ў Баранавічы выехала вялікая калона аўтазакаў з затрыманымі. Сваякі затрыманых, якія сёння прыйшлі з перадачамі да ізалятара ў 1-м завулку Акрэсціна, высвятляюць іх месцазнаходжанне. Чацвер — адзіны дзень у тыдні, калі прымаюць перадачы для тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт у гэтым ізалятары.
Спевак, Зарубін і Заміроўскі былі затрыманыя ўдзень 17 кастрычніка падчас асвятлення маршу студэнтаў у цэнтры Менска. Зарубін і Заміроўскі былі асуджаныя на 15 сутак арышту па абвінавачванні ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КоАП) і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП), а Спевак па тых жа артыкулах — на 13 сутак арышту.
Любенчука і Маёрава затрымалі 18 кастрычніка падчас Партызанскага маршу ў Менску. Маёраву паставілі ў віну правапарушэнні паводле артыкулаў 23.34 і 23.4, а Любенчуку — паводле арт. 23.4, абодва яны былі асуджаныя на 15 сутак арышту.
Справы ўсіх затрыманых 17 і 18 кастрычніка журналістаў разглядала суддзя суда Кастрычніцкага раёна сталіцы Алена Жывіца.
Доўнара затрымалі 26 верасня на жаночым маршы ў Мінску, пасля чаго асудзілі на 15 сутак арышту і аштрафавалі па артыкулах 23.4 і 23.34 КоАП. Яна павінна была выйсці на волю 11 кастрычніка, аднак яе паўторна асудзілі на 15 сутак па новым пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.