У Гарадзенскі дзіцячы хоспіс прыйшоў з вобшукам ДФР
У Гарадзенскім дзіцячым хоспісе ідзе вобшук. Паводле інфармацыі мясцовага інтэрнэт-выдання Hrodna.life, туды прыйшлі супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Падрабязнасці невядомыя. Тэлефон дырэктара хоспіса Вольгі Вялічкі адключаны, але яна пацвердзіла БелаПАН інфармацыю пра вобшук, даслаўшы паведамленне ў мэсэнджар.
15 кастрычніка Вольга Вялічка была затрыманая і змешчаная ў гарадзенскі ІЧУ. На наступны дзень суд Кастрычніцкага раёна Гародні прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 6 верасня і пакараў штрафам у 405 рублёў.
Вялічка кіруе гродзенскім дзіцячым хоспісам каля 13 гадоў. Гэта недзяржаўная грамадская арганізацыя. Пад апекай хоспіса знаходзяцца сем’і, у якіх растуць невылечна хворыя дзеці. Хоспіс існуе за ахвяраванні спонсараў і праектную дзейнасць.
У гэтым годзе пры хоспісе працуе майстэрня, дзе шыюць сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў у сувязі з пандэміяй каронавіруснай інфекцыі. Валанцёры сшылі ўжо тысячы ахоўных касцюмаў. Улетку гарадская адміністрацыя выдзеліла майстэрні асобнае памяшканне, аднак ужо ў верасні валанцёраў адтуль выгналі.