Сустрэча з дэпутатам Аляксандрам Ляўчуком
Грамадскія актывісты з Бярозы і Пружан сустрэліся са сваім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па выбарчай акрузе №9 Аляксандрам Ляўчуком. Актывістаў не спыніла нават тое, што дэпутат выбраў месца для сустрэчы – вёску Сухопаль у 40 кіламетрах ад Пружан і 80-ці ад Бярозы. На прыём сабралася каля 25 чалавек.
За 2 гадзіны, што выдзеліў Ляўчук для прыёму, не ўсе пытанні былі разгледжаныя. Але галоўныя ўсё ж такі змаглі агучыць, – кажа Ігар Шыманчык з Бярозы:
– Мы паставілі перад ім задачу, каб ён падняў пытанне аб адмене артыкула 23.34 КаАП. Людзі павінны мець права выходзіць на мітынгі і сходы.
Паводле Ігара Шыманчыка, ад бярозаўчан прагучала патрабаванне аб тым, каб замест прашэнняў на дазвол мерапрыемства быў уведамляльны прынцып. Таксама было сказана, што не час мяняць Канстытуцыю. Гэта павінна рабіцца ў спакойнай абстаноўцы легітымнай уладай. Таксама было запатрабавана ад дэпутата ўмяшацца ў пытанні рэпрэсій.
Ганна Баран з Пружан не мае спадзеву на тое, што Аляксандр Ляўчук будзе падымаць у парламенце вострыя палітычныя пытанні:
– Калі шчыра, чалавек двух слоў звязаць не можа. Лічбамі па раёне, як прайшла выбарчая кампанія, не валодае. Колькі было парушэнняў і зарэгістравана скаргаў, таксама не валодае. Ні на адно канкрэтнае пытанне не даў нам адказ.
Усім прысутным на прыёме Ляўчук паабяцаў пісьмовыя адказы. Але на ранейшыя пісьмовыя запыты, па словах Ганны, былі ад Ляўчука адны адпіскі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: house.gov.by