Восень у вёсцы
Вельмі важна час ад часу змяняць далягляды! Але прыемна вяртацца дадому з далёкіх (і не вельмі!) вандровак.
Адразу кідаюцца ў вочы перамены. Здзіўляюць некаторыя мясцовыя навіны… Восень не толькі сезон ураджаю, але і сезон прастудаў, ВРЗ, грыпусу… Усё гэта ў нашы дні ўскладнена стрэсам з-за другой хвалі кавіду. Усё гэта вымагае перамяшчэнняў у бок доктара і аптэкі. І вось тут маем праблему для вясковых жыхароў.
У прыватнасці, у вёсцы Залессе на Смаргоншчыне аптэку чарговы раз зачынілі. Часова. На рамонт… Паабяцаўшы мясцовым жыхарам абгрэйд цалкам прыстойнага будынку ў стылі рэтра ў цэнтры аграгарадка. Зачынілі з-за адсутнасці вадаправоду і цэнтральнага ацяплення. Раней дом быў падзелены сцяной паміж аддзяленнем “Беларусьбанка” і аптэкай. Спачатку зачынілі касу (нерэнтабельна!), а потым – аптэку. Па вялікім рахунку пячное ацяпленне нікому з мясцовых жыхароў не перашкаджала, але іх меркаванне нікога не цікавіла… Вось і стаіць старая аптэка з раскрытым дахам проста пад восеньскімі дажджамі. У Залессі кажуць пра яе знос. Маўляў, брутальнага рамонту стары будынак не вытрымаў – будуць зносіць і нешта новае будаваць! Так, вядома, прасцей: “Разрушим всё до основанья, а потом…”
Ніхто з начальства не цікавіцца меркаваннем мясцовых жыхароў на конт іх бачання стандартаў аграгарадка Залессе. Адказ адзін – грошай няма. Ні на касу, ні на аптэку, ні на рэйсавы аўтобус да Смаргоні і назад, які заўжды хадзіў у абед, але з 1 лістапада маршрут адмяняецца. Нічога страшнага – раніцай і вечарам даедзеце. Або на цягніку… Нязручна, цяжка? Шаноўныя, грошай няма. Не да вас цяпер. Затое “Табакерку” ў Залессі паставілі. Змянілі прыродны ландшафт.
Жыццё працягваецца.