Святлана Ціханоўская завяршае працоўны візіт у Данію



Сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Даніі Йепе Кофадам і  прэм’ер-міністрам краіны Метэ Фрэдэрыксен, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Кіраўнік дацкага знешнепалітычнага ведамства „падтрымаў беларускі народ і адзначыў, што Данія стварае Фонд новай дэмакратыі, каб падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, у тым ліку ў Беларусі”. 

Асобная сустрэча адбылася з прэм’ер-міністрам Даніі Метэ Фрэдэрыксен. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы. 

Кіраўніцу ўрада Даніі цікавіла цяперашняя сітуацыя ў Беларусі. Ціханоўская паведаміла ёй, што прыйшоў час думаць аб пераходным перыядзе ў Беларусі і абмяркоўваць пакеты рэформаў, якія дапамогуць яго ажыццявіць.

На сустрэчы з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый Даніі Ціханоўская абмеркавала „падтрымку незалежных журналістаў, студэнтаў і выкладчыкаў, пенсіянераў, спартсменаў, жаночых ініцыятыў і, вядома, ахвяр катаванняў”. Гаворка ішла аб дапамозе з рэабілітацыяй, а таксама са зборам інфармацыі і расследаваннем злачынстваў супраць мірных грамадзян.

Палітык сустрэлася з прадстаўнікамі прафсаюзнага руху Даніі. Яны абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва з беларускімі прафсаюзамі, а таксама тое, „з якімі праблемамі сутыкаюцца рабочыя прадпрыемстваў пры арганізацыі забастовак”.

Таксама Ціханоўская прыняла ўдзел у круглым стале Дацкага інстытута супраць катаванняў DIGNITY, дзе дэлегацыі Беларусі прадставілі „сістэму самастойнай ацэнкі наступстваў збіванняў, катаванняў і любога гвалту”. „Гэта гайд на англійскай і рускай мовах пра тое, як з дапамогай смартфона задакументаваць наступствы катаванняў па міжнародных стандартах. Гэта трэба, каб усе факты гвалту маглі накіроўвацца ў міжнародныя арганізацыі і па іх маглі пачынацца расследаванні, а вінаватыя панеслі адказнасць”, — адзначыла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты.

На сустрэчы Ціханоўскай з прадстаўнікамі Парламенцкай асамблеі АБСЕ абмяркоўваліся „перамовы аб новых выбарах і краіны, якія могуць удзельнічаць у арганізацыі гэтых перамоў”. Палітык заявіла, што „перамовы аб новых выбарах павінны пачацца ў 2020 годзе, новыя выбары таксама павінны быць прызначаныя да канца года”.

Візіт Ціханоўскай у Данію завяршаецца сёння. Галоўнай мэтай былі перамовы аб дапамозе, якую Данія можа аказаць беларускім рабочым, праваабаронцам, культурным і спартыўным дзеячам і ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Візіт арганізаваны мясцовай беларускай дыяспарай „Талака” з дапамогай выдання Politiken.

Фота: t.me/tsikhanouskaya