Слонімская міліцыя выконвае патрабаванні Лукашэнкі
У пятніцу, 23 кастрычніка, вечарам да трох слонімскіх грамадскіх актывістаў Віктара Марчыка, Міхаіла Сошкі і Алеся Масюка прыйшлі супрацоўнікі Слонімскага РАУС Сяргей Мароз і Віктар Адамчык з позвамі і патрабаваннямі з’явіцца ў гэты дзень а 18 гадзіне ў міліцыю.
На пытанне, чаго і за што выклікаюць хлопцаў у міліцыю, супрацоўнікі РАУС сказалі для прафілактычнай гутаркі да начальніка міліцыі Уладзіміра Васько. У РАУС усім тром слонімцам было прапанавана азнаёміцца і паставіць подпісы пад пратаколам афіцыйнай перасцярогі пра недапушчальнасць правядзення масавага мерапрыемства.
Подпісы слонімскія грамадскія актывісты ставіць адмовіліся. Тады міліцыянты ўручылі ім позвы ў РАУС на нядзелю, 25 кастрычніка, на 13.40. Маўляў, усіх выклікаюць у якасці сведак, але па якой справе супрацоўнік міліцыі Ігар Клыбік не растлумачыў.
Адным словам, слонімскія супрацоўнікі міліцыі выконваюць распараджэнні Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя