За суткі ў Беларусі зарэгістравана больш за 800 новых выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 91.978 (+811 за апошнія суткі), памерла 953 чалавекі (+4), паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Суткавы прырост выпадкаў інфекцыі ўпершыню з першай дэкады чэрвеня перавысіў 800 (10 чэрвеня быў зарэгістраваны 801 новы выпадак каронавірусу).

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 82.670 пацыентаў (534 за апошнія суткі).

Праведзена 2.347.375 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 26.519.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

23 кастрычніка падчас паездкі ў Слуцкі раён (Менская вобласць) Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб праблеме з COVID-19, заявіў, што „пакуль у нас сітуацыя абсалютна кантраляваная”.

„Лекаў дастаткова, мы стварылі сістэму. Мы не цягнем усіх у бальніцы. Калі ўжо чалавек цяжкі, калі мы бачым у яго прагрэс па хваробе сур’ёзны, вядома, мы яго ў бальніцу. Таму што раптам трэба на кісларод, на ШВЛ яго трымаць”, — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН