Марш „Народнага ўльтыматуму” ў Менску (абноўлена)



Колькасць дэманстрантаў прайшоўшага ў Менску маршу некаторыя рэпарцёры ацэньваюць на 200 тысяч чалавек.

Пры разгоне акцыі сілавікі таксама стралялі гумовымі кулямі па людзях, паведамляе «Новая газета» .

Фота: «Новая газета» 

Як мінімум адзін дэманстрант паранены – у яго сур’ёзна траўмаваны жывот.

Менская міліцыя пацвердзіла «РИА Новости», што ўжыла на Арлоўскай спецсродкі – для «спынення супрацьпраўных дзеянняў пратэстоўцаў». Асаблівага цынізму выбухам на вуліцы Арлоўскай дадае той факт, што гранаты кідалі зусім блізка ад цэнтру „Маці і дзіця”, дзе ляжаць цяжарныя і нованароджаныя.

Сілавікі пачалі ў дварах „зачыстку”. 

18. 08. На Арлоўскай пратэстоўцы пагналі сілавікоў, перадае карэспандэнт @nashaniva. Гучаць моцныя выбухі, падобна, што гэта светлашумавыя гранаты. Людзі бягуць ўрассыпную па дварах.  Паехала шмат аўтазакаў. 

17.50. Удзельнікі маршу падышлі да самага ланцуга АМАП. Крычаць «Сыходзь!» Раздаліся некалькі стрэлаў. АМАП спрабуе адагнаць пратэстоўцаў ад ланцуга. Людзі крычаць: «Фашысты!»

17.44. Праходзячы ля будынка Цэнтральнага РУУС людзі скандуюць: «Трыбунал», «Не забудем — не простим!» 

Людзі, якія ідуць па вуліцы Арлоўскай, уключылі ліхтарыкі ў тэлефонах.

17.10. Марш прайшоў па Багдановіча, павярнуў на Сурганава, адкуль развярнуўся і пайшоў па Арлоўскай у бок рэзідэнцыі. 

Фота: Францішак Цярэшка

Людзі скандуюць: «Ад Хабараўска да Брэста дыктатуры няма месца” і „Лукашэнку ў аўтазак».

Фота: Drone Pilots Group

16.30. Сілавікі шыхтуюцца на вуліцы Якуба Коласа. Вельмі шмат людзей ў Менску ідзе па вуліцы Максіма Багдановіча.

16.20. Галава калоны дэманстрантаў дайшла да плошчы Бангалор і павярнула на вуліцу Сурганава. Людзі скандуюць „Новыя выбары!”, „Забастоўка!”.

15.31. Калона дэманстрантаў рушыла ад стэлы па праспекце Машэрава ў бок Камароўскага рынку. У ёй налічваецца каля 100 тысяч чалавек.

14.45. Асноўная калона з дзясяткаў тысяч дэманстрантаў утварылася на Нямізе і рушыць у бок Стэлы.

14. 16. Людзі збіраюцца ля ратушы, апладзіруюць і крычаць «Жыве Беларусь!». Туды падцягваюцца людзі з вуліцы Леніна і з боку Нямігі.

Стала вядома, што на плошчы Свабоды міліцыя затрымала фотакарэспандэнта «Камсамольскай праўды» Святаслава Зоркага і журналіста «Новага часу» Дзмітрыя Дзмітрыева.

Фота: Наша Ніва

* * * 

Менск. На плошчы Незалежнасці заўважаны спецаўтатэхніка, у тым ліку вадамёты. Метро зачынена. Уздоўж праспекта Незалежнасці ў кірунку Уручча таксама пастаўлены сілавікі па парах, некаторыя ў арках дамоў.

А вось што адбываецца каля Дзяржаўнага цырку.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

Гомель. Аўтазакі, міліцэйскія мікрааўтобусы і грузавікі сцягваюцца да цэнтра горада, паведамляе TUT.BY.

* * * 

Спецтэхніка ў цэнтры Менска. 

* * * 

Берасце. У Берасці з раніцы заўважаны ланцуг салідарнасці ў мікрараёне Плоска і вывешаныя бел-чырвона-белыя сцягі на шматпавярховіках старой і новай Кавалёўкі.

* * * 

Сёння заканчваецца тэрмін “Народнага ўльтыматума”, які два тыдні таму агучыла Святлана Ціханоўская. У ім тры патрабаванні: адстаўка Лукашэнкі, спыненне гвалту сілавікоў і вызваленне ўсіх палітвязняў.

У Менску зраніцы па праспекце Незалежнасці ў цэнтр горада рухаюцца сілавікі. На праспекце Жукава бачылі вялікую калону спецтэхнікі і аўтобусаў, у якіх звычайна перавозяць АМАП і невядомых у балаклавах, перадае tut.by. Ужо пачаліся праблемы з доступам да мабільнага інтэрнэту. Закрываюцца станцыі метро: Плошча Леніна, Кастрычніцкая, плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Акадэмія навук, Парк Чалюскінцаў, Першамайская, Купалаўская, Няміга, Фрунзенская, Маладзёжная і Пушкінская.

Агароджваецца Стэла, таксама агароджы на Кастрычніцкай плошчы.

Як і на мінулым тыдні, у розных раёнах сталіцы з раніцы пачынаюць граць барабаншчыкі. Гэта відэа знята на плошчы Пераменаў:

Фота: Тут.бай