Гародня: Затрыманні на Маршы „Народнага ўльтыматуму”



У Гародні, як паведамляе Hrodna.life , былі затрыманыя ад 80 да 100 чалавек. Дзясяткі людзей збіраюцца пад Ленінскім РАУС.

* * * 

Падчас маршу на Савецкай вуліцы знік доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч. Ён не выходзіць на сувязь. Паводле «Белсату», яго затрымалі, ён у Ленінскім РАУСе.

* * * 

У Гародні каля дзвюх тысяч чалавек выйшлі сёння на мірную акцыю пратэсту. “Гэта наш горад!” – скандавалі ўдзельнікі акцыі, ідучы па вуліцы Савецкай.

Падчас акцыі прайшлі жорсткія затрыманні. Сённяшні дзень адзначаецца самай вялікай колькасцю затрыманых за апошнія два месяцы.

* * * 

15.14. Людзі вярнуліся на Савецкую пасля разгону і затрыманняў. Гарадзенцы шпацыруюць па цэнтры горада.

* * * 

14.55. Сілавікі ў чорным і ў вайсковай форме расчышчаюць Савецкую вуліцу ад людзей. Адзінкавыя затрыманні, некаторых білі. Большасць людзей сышла ў двары. Вядома, што аднаго чалавека забрала хуткая.

Аднаго мужчыну сілавікі ўдарылі дручком па галаве, пайшла кроў. Пратэстоўцы, хто быў паблізу, аказалі дапамогу.

* * * 

На вуліцы Савецкай сабралася ўжо каля тысячы чалавек. Людзі скандуюць «Гэта наш горад!». Каля сотні АМАПаўцаў стаіць шчыльным шэрагам пасярод вуліцы. 

* * * 

Сілавікі строем пайшлі па вуліцы Савецкай, літаральна выціснуўшы людзей з вуліцы.

Фота: Тут.бай

* * * 

Людзі сабраліся ў цэнтры горада на вуліцы Савецкай, пляскаюць у далоні. Іх атачылі сілавікі. Яны стаяць па перыметры пляцоўкі. Людзі скандуюць: „Гэта наш горад!”

Фота: Тут.бай

У цэнтры горада ўзмоцненыя нарады ДАІ. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Сяргея Апановіча