На гарадзенскім прадпрыемстве „Азот” АМАП учыніў гвалт (абноўлена)



У цэхах „Аміяк-3” і „Кабамід-4” дагэтуль працуе начаня змена – ужо больш 20 гадзін, а таксама кіраўнікі. Рабочыя, якія прыйшлі зранку адмаўляюцца заступаць на змену і чакаюць загаду спыніць вытворчасць.

У аўтобусе затрыманых на прадпрыемстве „Гродна-Азот” амонаўцы білі гумовымі палкамі і рукамі па твары. Бальшыню затрыманых пазней выпусцілі з РАУСу без складання пратаколаў.

***

Страйкоўцаў „Гродна-Азот” падтрымалі студэнты Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Да „Азоту” прыязджала каля 12-й гадзіны калона салідарных таксістаў.

Генеральны дырэктар заводу спрачаўся з бастуючымі, але кіраўніку прадпрыемства так і не ўдалося ўгаварыць работнікаў цэху „Карбамід-4” перадаць змену.

Паводле сведчанняў людзей пры затрыманнях на „Гродна-Азот” карнікі вельмі жорстка затрымлівалі і збівалі людзей.

На прадпрыемстве „Гродна-Азот” з раніцы невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сцяг.

З раніцы 26 кастрычніка на гарадзенскім прадпрыемстве „Азот” АМАП учыніў гвалт. Каля 7 раніцы на праходнай прадпрыемства сабралася больш 100 рабочых. Побач дзяжурылі сілавікі ў чорным. Неўзабаве пачаўся хапун часткі рабочых, іншых амонаўцы пачалі заганяць на тэрыторыю.

Тым часам рабочыя пачалі спыняць тэхнічны працэс на заводзе.

Сілавікі затрымалі ледзь не палову трэцяй змены „цэху аміяку”. У выніку людзі сталі адмаўляцца  прымаць змену ў гэтым цэху. Амонаўцы сталі сілай заганяць людзей на працу.

На тэрыторыі прадпрыемства з раніцы адключаны мабільны інтэрнэт.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: TUT.BY