Сабаленка выйграла турнір у Астраве, перамогшы Азаранку



Арына Сабаленка абыграла Вікторыю Азаранку ў беларускім фінале тэніснага турніру ў чэшскай Астраве з прызавым фондам 528,5 тысяч даляраў. Вырашальны паядынак прайшоў з поўным перавагай Арыны, якая выйграла ў двух сэтах за адну гадзіну – 6:2, 6:2. Вікторыя Азаранка ў канцы першай партыі адчула недамаганне і далей не змагла гуляць у поўную сілу. Таксама беларускі тэнісіст Ілля Івашка стаў пераможцам турніру серыі „Чэленджэр” у Стамбуле. У фінальным паядынку беларус за паўтары гадзіны абыграў славацкага тэнісіста Марціна Кліжана – 6:1, 6:4.

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Северсталі”

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі чарапавецкай „Северсталі” ў матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася з лікам 1:2 не на карысць „зуброў”.

На працягу двух перыядаў дружыны не маглі засмуціць брамнікаў адзін аднаго. У трэцім перыядзе малюнак гульні не змяніўся. Калі здавалася, што авертайма не пазбегнуць, абаронца „Северсталі” Шон Лаланд перайграў Аляксея Коласава кідком ад сіняй лініі. У канцоўцы паядынку мінчане рызыкнулі і знялі з гульні брамніка. Генеральны штурм спрацаваў, „дынамаўцы” зраўнялі лік. Вызначыўся Ягор Шаранговіч.

Авертайм пачаўся з нападаў „Северсталі”, адзін з якіх завяршыўся ўзяццем брамкі „зуброў”. Шайбу закінуў Уладзіслаў Провпльнеў. Такім чынам, „Дынама-Менск” пацярпела пятую запар няўдачу ў чэмпіянаце КХЛ. Наступны матч менчукоў запланаваны на 28 кастрычніка. Супернікамі каманды Крэйга Вудкрафта стануць рыжскія аднаклубнікі.

Берасцейскі „Рух” і „Іслач” згулялі ўнічыю ў матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты берасцейскага „Руху” згулялі ўнічыю з „Іслаччу” у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі. Берасцейцы выйшлі наперад на 31-й хвіліне першага тайма пасля дакладнага ўдару Уладзіслава Васільева. Аднак утрымаць пераможны лік гаспадарам не ўдалося – на 85-й хвіліне гульні Дзмітрый Юсаў зраўняў лік – 1: 1 Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” прайгралі мазырскай „Славіі” 1:2. У сярэдзіне першага тайма сустрэчы ў Гародні мазыране двойчы засмуцілі брамніка гаспадароў, а пасля перапынку гарадзенцы здолелі адыграць толькі адзін мяч. Салігорскі „Шахцёр” перамог у гасцях сталічны „Энергетык-БДУ” з лікам 2:1 і выйшаў на другое месца ў турнірнай табліцы. Вынікі астатніх сустрэч 27-га тура: БАТЭ (Барысаў) – „Віцебск” – 3:1, „Дынама” (Мінск) – „Белшына” (Бабруйск) – 3:1, „Гарадзея” – „Смалявічы” – 4:0.

„Лестэр” перамог „Арсенал” дзякуючы голу Вардзі

„Лестэр” у гасцях узяў верх над „Арсеналам” ў матчы 6-га тура чэмпіянату Англіі – 1:0. У пераможцаў на 80-й хвіліне вызначыўся Джэймі Вардзі. „Лестэр” з 12 ачкамі ідзе чацвёртым у турнірнай табліцы, у „Арсенала” дзевяць балаў і 10-я пазіцыя.

Льюіс Хэмілтан выйграў „Гран-пры Партугаліі” і пабіў рэкорд Шумахера

Льюіс Хэмілтан з каманды „Мэрсэдэс” стаў пераможцам „Гран-пры Партугаліі”. Брытанец святкаваў 92-ю вікторыю ў „Формуле-1”. Такім чынам, Хэмілтан пабіў рэкорд сяміразовага чэмпіёна „Каралеўскіх гонак” Міхаэля Шумахера, у якога на рахунку 91 перамога.

Беларускае Радыё Рацыя