Марына Адамовіч: Спадзяюся, што еўрапейская падтрымка не спыніцца



10 яркіх асобаў на палітычным полі Беларусі ўганараваныя прэміяй Андрэя Сахарава. Гэта Святлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі, Святлана Алексіевіч, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова, Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, Сяргей Дылеўскі і Сцяпан Пуціла.

 

З сённяшняй госцяй Радыё Рацыя Марынай Адамовіч наша карэспандэнтка Алеся Адамчук пагутарыла пра аднаго з лаўрэатаў прэміі, яе мужа Міколу Статкевіча.

РР: Спадарыня Марына, вы задаволеныя тым, што сярод лаўрэатаў прэміі „За свабоду думкі”, названай у гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, апынуўся і ваш муж, які зараз сядзіць за кратамі?

– Безумоўна, я задаволеная. Я ўсцешана тым, што Еўрапарламент па сутнасці перакінуў масткі і ўбачыў пераемнасць новых твараў беларускага пратэсту і людзей, якія аддалі сябе на змаганне за незалежнасць нашай Радзімы, таму, каб нашая краіна была сапраўды дэмакратычнай, вольнай і незалежнай доўгія-доўгія гады жыцця.

Так, я задаволеная і магу падзякаваць еўрапейцам за тое, што яны высока ацанілі сёлетнія падзеі ў Беларусі, сёлетнюю прагу беларусаў да свабоды, да пераменаў. Я вельмі спадзяюся, што гэта падтрымка не спыніцца і што наша краіна стане ў самы бліжэйшы час вольнай.

РР: Што вам цяпер вядома пра мужа, як ён сябе пачувае ў тых страшных умовах?

– Што для вас відавочна, Мікалай – чалавек вельмі моцны, моцны духам, перакананнямі. І, як бы не складаўся яго лёс, ён вось гэтай цвёрдасці духа і пераканання не страчвае. Ён перажывае толькі за тое, што не можа быць побач з людзьмі, якія зараз змагаюцца за свабоду на вуліцах нашых гарадоў, вёсак.

РР: Ці ёсць магчымасць бачыцца з ім і ці прымаюць перадачы?

– Магчымасці бачыцца няма ніякай, я пісала ўжо некалькі заяваў у Следчы камітэт. Насамрэч па законе магчымасць бачыцца з падследнымі, якіх утрымліваюць месяцамі, а часам і гадамі, без прысуду ў месцах зняволення, у следчых ізалятарах, прадастаўленая. Мне вядомыя шматлікія выпадкі, калі такія спатканні рэальна прадастаўляюцца, але не ў выпадку Міколы, не ў выпадку Паўла Севярынца, ды іншых палітычных зняволеных. Я маю перш на ўвазе публічных фігур. Але ў спатканнях мне адмаўляюць з адной і той жа фармулёўкай – няма неабходнасці. Спадару Агафонаву абсалютна дакладна вядома, што ў спатканні мужа з жонкай ніякай неабходнасці няма. Вось апошнюю адмову я атрымала ў якасці віншавання Следчага камітэта з нагоды прэміі Сахарава літаральна на днях, у пятніцу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя