Інтэлігенцыя патрабуе вызвалення Алеся Краўцэвіча



Затрыманне Алеся Краўцэвіча, доктара гістарычных навук, прафесара, аўтара перадачы „Бітвы народаў” на нашым радыё, з абурэннем і пратэстам успрыняла інтэлігенцыя краіны.

Кажа Валянцін Дубатоўка з Саюза беларускіх пісьменнікаў:

– Сітуацыя складаная, мне яна як раз нагадвае час нямецкай акупацыі, калі акупанты бралі ў палон і знішчалі самых аўтарытэтных, самых дасведчаных людзей, якія паказваюць, чым народ жыве ў дадзенай сітуацыі: навукоўцы, журналісты, пісьменнікі. У гэтай сітуацыі мы, арганізацыя Саюза беларускіх пісьменнікаў, гарадзенскае аддзяленне, выказваем глыбокае абурэнне тым, што зараз адбываецца.

Прадстаўнікі Беларускага гістарычнага таварыства перакананыя, што справа мірных пратэстаў супраць гвалту ў краіне, наяўнасць палітвязняў – высакародная справа. Затрыманне Алеся Краўцэвіча незаконнае, паводле асноўнага закону Беларусі, бо кожны чалавек мае права на выказванне свайго ўласнага меркавання. Кажа доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук з Беларускага гістарычнага таварыства:

– Выказваю пратэст, які сёння падтрымліваюць сёння многія беларускія гісторыкі, многія даследчыкі беларускай мінуўшчыны. патрабаванне вызвалення Алеся Краўцэвіча з турмы, дзе ён зараз знаходзіцца. Зноў жа можна казаць пра тое, што ўсё ж такі мы верым у той час, калі будзе магчымасць правесці расследаванні тых злачынстваў, якія робяцца ў нібыта міліцэйскай форме. Пакаранне вінаватых начальнікаў, якія аддаюць злачынныя загады ў Гародні і Менску. 

25-га кастрычніка на мірным пратэсце ў Гародні, сярод дзясяткаў асобаў, быў затрыманы прафесар Алесь Краўцэвіч, які да гэтага часу знаходзіцца за кратамі Ленінскага РАУС. Калі будзе адміністрацыйны суд пакуль невядома. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, па артыкулу, які супярэчыць здароваму глузду, Канстытуцыі і міжнароднаму пакту аб цывільных і палітычных правах. Асобную заяву зрабіла абласная філія Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, сябрам якой ён з’яўляецца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня