Марш пенсіянераў і студэнтаў у Менску
Марш пенсіянераў завяршыўся на плошчы Якуба Коласа. Там яго ўдзельнікаў сустрэлі валанцёры, якія раздавалі аднаразовыя маскі, печыва, піцу, гарачую гарбату.
Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу, пакінулі ля манумента плакаты і расцягнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Яны падзякавалі студэнтам за падтрымку, а таксама выказалі сваё стаўленне да прапановы Лукашэнкі аб унясенні паправак у Канстытуцыю: „Сашына адстаўка — лепшая папраўка!”
Частка ўдзельнікаў акцыі ўжо разышлася, частка застаецца на плошчы — людзі размаўляюць, спяваюць песні, скандуюць лозунг „Жыве Беларусь!”.
* * *
У Менску праходзіць аб’яднаны Марш пенсіянераў і студэнтаў.
* * *
Рух па праспекце Незалежнасці, дзе праходзіць марш, абмежаваны — ходзіць пераважна грамадскі транспарт.
На плошчы Перамогі калону ўдзельнікаў маршу сустрэлі супрацоўнікі міліцыі з гучнагаварыцелямі. Яны заклікалі дэманстрантаў не выходзіць на праезную частку.
Удзельнікі маршу нясуць плакаты з надпісамі: „Я не хачу, каб мае дзеці з’язджалі”, „Патрабуем спыніць генацыд беларускага народа”, „Забастоўка! Хто, калі не мы? Калі, як не цяпер?”.
Працаўнікі кавярні „Кава і віно” прапаноўваюць дэманстрантам ваду.
Калона дайшла да плошчы Якуба Коласа.
На плошчы Якуба Коласа заўважылі ўнучку Якуба Коласа — Марыю Міхайлаўну Міцкевіч.
Фота: „Радыё Свабода”
* * *
Колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту пенсіянераў, якія збіраюцца каля Чырвонага касцёла ў Менску, імкліва расце. Сюды актыўна падыходзяць людзі, у тым ліку студэнты, якіх разагнаў АМАП ля будынкаў юрыдычнага і хімічнага факультэтаў БДУ.
Як паведамляе карэспандэнт БелаПАН, літаральна за 10 хвілін колькасць удзельнікаў вырасла прыкладна да тысячы.
Гэта ўжо чацвёрты па ліку марш пенсіянераў, які апошні месяц праходзіць па панядзелках.