Як праходзіць страйк у Віцебску



У абласным цэнтры да агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага на 26-га кастрычніка, далучыліся прыватныя фірмы. З буйных прадпрыемстваў звестак пра страйк пакуль няма, але ёсць інфармацыя пра тое, што працаўнікам пагражаюць звальненнямі за пратэсты.

Спынілі працу прыватныя аб’екты грамадскага харчавання – піцэрыя “Domino’s”, піўная крама-бар “Краны стаканы” і некаторыя іншыя. Журналісты адзначаюць, што зачынена прыкладна 50% кавярняў гораду. Зачыніліся і некалькі ўстановаў, якія аказваюць паліграфічныя паслугі. Людзей папярэджваюць аб’явамі пра тое, што ва ўстанове “санітарны дзень”, або наведнікаў не абслугоўваюць “па тэхнічных прычынах.

Акцыі салідарнасці са страйкоўцамі абвясцілі студэнты віцебскіх медычнага універсітэта, тэхналагічнага універсітэта і акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Студэнты, а таксама некаторыя выкладчыкі выйшлі ў фае сваіх навучальных установаў падчас вялікіх перапынкаў. Прадстаўнікі адміністрацый спрабавалі ўгаворваць, каб людзі разыходзіліся, але іх не паслухалі.

Вядома пра факты пагрозаў з боку адміністрацый на буйных прадпрыемствах Віцебшчыны. Прыкладам, тэлеграм-каналы паведамляюць пра ціск на работнікаў аршанскага льнокамбіната, якім пагражаюць звальненнем за ўдзел у страйку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск