АЭС



У Менску прайшоў чарговы марш пратэсту. За вокнамі стаіць шыкоўная залатая восень. Людзі па-ранейшаму выходзяць. Студэнты, жанчыны, пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, спартоўцы – усе яны беларусы. І кожны дадае штосьці сваё ў агульнае мора пратэсту.

Лета здзівіла спачатку жорсткасцю, а потым неабыякавасцю, смеласцю і крэатывам. Згадайце, колькі таленавітых плакатаў мы ўбачылі за апошнія месяцы. Не здаемся, працягваем змагацца, але ўсё ж выпускаем з-пад увагі адну прынцыпова важную рэч. Беларускаму пратэсту бракуе экалагічных плакатаў і лозунгаў. Пратэст забывае пра АЭС.

Што мы будзем рабіць з АЭС, калі пераможам? Працэс запуску небяспечнай спаруды пайшоў. Хтосьці думае пра гэта? Такое адчуванне, што беларусы пераключыліся на рэвалюцыю, а пра запуск рэактара забыліся. Хтосьці пажартуе: мы ў сваёй краіне ўсё роўна нічога не вырашаем на дадзены момант – што толку думаць пра невырашальнае?

Першы блок пачаў працаваць на мінімальнай магутнасці, а поўны запуск павінен быў расцягнуцца на год, але ўлады плануюць зрабіць гэта ў святочна-аўральным рэжыме 7 лістапада. Хтосьці скажа, усё ок, але ж нельга адмовіць ні палітычны крызіс у краіне, ні другую хвалю каронавірусу… Можна было не спяшацца, праўда? Тым болей, праект сыры, рэактар эксперыментальны… І нават сёння няма разумення, куды мы будзем прадаваць столькі электраэнергіі – самім замнога, а літоўцы прынцыпова не возьмуць (і правільна зробяць!)

Наша грамадства не гатовае думаць пра атамную энергетыку і праблему АЭС. Мы яшчэ не перажылі і не адрэфлексавалі Чарнобыль. І пра Курапаты мы не гатовыя былі думаць: у свой час крыжы бараніць прыйшлі адзінкі і адзінкі стаяць ля рэстарацыі “Поедем поедим” побач са Зміцерам Дашкевічам, якога, дарэчы, затрымалі ў нядзелю. Прыйдзецца падумаць усім і адразу, таму што ў “Астравецкім шляху” проста не будзе каму ісці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ