АМАПавец зламаў нагу, ганяючыся за пратэстоўцамі
Драматычны эпізод адбыўся каля Парка высокіх тэхналогій у Менску. Там да тысячы айцішнікаў выйшла на МКАД. Мяркуючы па ўсім, лятучая група сілавікоў ужыла супраць іх спецсродкі. Прагучаў выбух, пратэстоўцы кінуліся ў лес і да будынкаў. Аднак праз нейкі час частка іх вярнулася на МКАД.
Цягам гадзіны пасля гэтага да ПВТ з’ехаліся тысячы аўтамабілістаў. Яны цалкам спынілі рух на знешнім кальцы МКАД і выказвалі салідарнасць сігналамі.
Пасля гэтага сілавікі яшчэ двойчы вярталіся да ПВТ. Ёсць інфармацыя пра дзясятак затрыманых, сярод іх і жанчыны.
МУС пазней пацвердзіў, што амапавец зламаў сабе нагу, разганяючы пратэстоўцаў каля ПВТ у Мінску. Гэта здарылася на крутым схіле гары над МКАД, дзе са сцягамі стаялі дэманстранты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by