Прадстаўнік ЕЗ: Права на забастоўку з’яўляецца асноватворным правам



У ЕЗ уважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі і нагадваюць уладам краіны, што права людзей на забастоўку павінна паважацца. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана 26 кастрычніка на брыфінгу ў Бруселі.

„Мы працягваем сачыць за сітуацыяй у Беларусі, — сказаў ён. — Як мы неаднаразова заяўлялі, мы занепакоеныя прымяненнем гвалту супраць мірных дэманстрантаў і ў цэлым дзеяннямі беларускіх уладаў, якія да гэтага часу не ідуць на інклюзіўны дыялог для вырашэння крызісу ў краіне”.

Каментуючы заклік да ўсеагульнай забастоўкі ў краіне, Стана адзначыў: „Мы хочам нагадаць усім, што права на забастоўку з’яўляецца асноватворным правам, якое павінна паважацца”.

Адказваючы на пытанне аб другім пакеце санкцый, куды плануецца ўключыць і Аляксандра Лукашэнку, прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў падкрэсліў, што праца над ім працягваецца. „Савет ЕЗ абмяркоўвае другі пакет гэтых санкцый, — сказаў прэс-сакратар. — Як толькі будзе ўзгоднены канчатковы спіс, санкцыі будуць зацверджаныя і пра іх будзе абвешчана”.

2 кастрычніка Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да 40 службовых асоб, якіх лічыць датычнымі да фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах і рэпрэсій у дачыненні да беларускіх грамадзян. У спіс трапіла кіраўніцтва МУС, АМАП, КДБ і Цэнтрвыбаркама.

12 кастрычніка вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль паведаміў, што на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕЗ ухваленая падрыхтоўка другога пакета санкцый, які будзе ўключаць і санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.

26 кастрычніка ў Беларусі абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, выстаўленага экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Патрабаванні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. Гэтыя патрабаванні падтрымалі сотні тысяч беларусаў, якія 25 кастрычніка выйшлі на марш „Народны ўльтыматум” у Мінску і іншых гарадах краіны. Акцыі былі жорстка разагнаныя сілавікамі. У сталіцы супраць мірных дэманстрантаў выкарысталі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі.

belapan.by