Еўрапейская народная партыя абнародавала свой санкцыйны спіс чыноўнікаў Беларусі
Найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя — апублікавала свой спіс чыноўнікаў Беларусі, у дачыненні да якіх лічыць неабходным увесці санкцыі.
Як адзначаецца на сайце фракцыі ЕНП, у спіс увайшлі асобы, „датычныя да фальсіфікацый выбараў, катаванняў і гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў”.
„Спіс з’яўляецца напамінам тым, хто хоча здзейсніць злачынства, што яны не могуць спадзявацца застацца ананімнымі. Мы будзем настойваць на прыцягненні іх да адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.
На думку фракцыі ЕНП, названыя асобы павінны быць унесеныя ў санкцыйны спіс ЕЗ.
У апублікаваным спісе 86 прозвішчаў, сярод якіх Аляксандр і Віктар Лукашэнкі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, дзяржсакратар Савета бяспекі Валерый Вакульчык, старшыня КДБ Іван Церцель, галоўны рэдактар газеты „СБ. Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук, супрацоўнік тэлеканала СТВ Рыгор Азаронак, а таксама кіраўніцтва і супрацоўнікі МУС, члены Цэнтрвыбаркама, суддзі, міністры.
Частка пералічаных у спісе ЕНП асоб ужо знаходзяцца ў санкцыйным спісе, які Еўразвяз прыняў 2 кастрычніка. Туды ўвайшло кіраўніцтва МУС, АМАП, КДБ і Цэнтрвыбаркама.
12 кастрычніка вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль паведаміў, што на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕЗ ухваленая падрыхтоўка другога пакета санкцый, які будзе ўключаць і санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
26 кастрычніка ў Беларусі абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, выстаўленага экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Патрабаванні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. Гэтыя патрабаванні падтрымалі сотні тысяч беларусаў, якія 25 кастрычніка выйшлі на марш „Народны ўльтыматум” у Менску і іншых гарадах краіны. Акцыі былі жорстка разагнаныя сілавікамі. У сталіцы супраць мірных дэманстрантаў выкарысталі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі.