Лідары беларускай апазіцыі сустрэліся з Сандрай Калніеце
Увечары ў Менску прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Беларусі сустрэліся з намесніцай кіраўніка фракцыі Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце, дэпутаткай з Латвіі Сандрай Калніеце. Удзельнік сённяшняй сустрэчы Анатоль Лябедзька адзначыў, што сённяшняя сустрэча свайго роду маніторынг сітуацыі ў Беларусі.
– Акрамя агульных пытанняў – палітычныя вязні, свабодныя, сумленныя выбары – для нас быў і ёсць асобны пункт, гэта звязана з тым, што Еўрапарламент усё ж такі быў найбольш паслядоўным і прынцыповым крытыкам Аляксандра Лукашэнкі. І вельмі важна для нас захаваць Еўрапарламен на баку каштоўнасцяў. Могуць прадстаўнікі выканаўчаў улады быць больш прагматычнымі, але мне падаецца, што да парламентароў, то яны ўсё ж такі павінны быць бліжэй да каштоўнасцяў чым да прагматычных інтарэсаў і геалітыкі.
Сандра Калніеце будзе курыраваць у Еўрапарламенце беларускі кірунак. Сёння яна таксама сустракалася з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, прадстаўнікамі Палаты Прадстаўнікоў ды сем’ямі палітвязняў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя