Глядзі ў вакно



Гародня. Нядзеля. Дваццаць пятага кастрычніка. Цэнтр гораду перакрыты сілавікамі. Ён узяты ажно ў два колы людзей у балаклавах на галовах, каб ніхто не мог прайсці ў цэнтральную частку свайго роднага гораду. Стаяць аўтазакі. Чакае вадамёт. Міліцэйскія машыны выстраіліся і мігаюць сінімі і чырвонымі агнямі. Людзі ў камуфляжнай форме ідуць з шчытамі і дубінамі. І вось з’яўляецца сярод іх некалькі чалавек з стрэльбамі…

Напэўна гэта помпавыя стрэльбы, ці яшчэ якія там. Гэта ўжо не важна. Стрэльба ёсць стрэльба. Па закону жанру яна нават на сцяне раз у год страляе сама. А тут у руках людзей у камуфляжы і, здаецца, людзей моцна збянтэжаных і нават напалоханых. Тут яна сапраўды можа бабахнуць. Напэўна для гэтага ім і далі ў рукі зброю, тым, з выгляду збянтэжаным і напалоханым…

А бянтэжыцца і палохацца няма чаго. Бо людзі, якія стараюцца прабіцца праз два колы сілавікоў у цэнтр гораду цалкам мірныя і зусім не агрэсіўныя. І зброі ў іх няма. Ні помпавай, ні нават дзіцячай для забаў няма, ніякай. У іх толькі сцягі. Бела-чырвона-белыя сцягі. І імкнуцца яны патрапіць у цэнтр свайго роднага гораду толькі з адной мэтай – каб задэклараваць сваю ранейшую пазіцыю пра тое, што хочуць жыць у сваёй справядлівай краіне, якой будзе кіраваць той, хто набярэ больш галасоў на чэсных выбарах…

Ну няўжо гэта так шмат яны хочуць?!

Людзі ідуць у цэнтры сваіх гарадоў і ў Лідзе, і ў Свіслачы, і ў Наваградку, Карэлічах, Ваўкавыску, Слоніме, Іўі, і ў іншых населеных кропках Гарадзеншчыны малюнак падобны. І не толькі так на Гарадзеншчыне. Так па ўсёй Беларусі.

У Менску па вуліцах ужо рухаюцца сотні тысяч людзей. Там тое сама. Спецтэхніка. Пагрозлівыя крыкі ў узмацняльнік пра тое, што акцыя незаконная і ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці. Сілавікі з шчытамі і дубінамі перакрываюць дарогі. Вадамёты. Сірэны. Мігалкі… Восень. Кастрычнік. Залатое і чырвонае лісце разносіць вецер. Ён, вецер, купаецца і ў бела-чырвона-белых сцягах, якія лунаюць над усёй калонай пратэстоўцаў. Ад пачатку і да канца калоны лунаюць сцягі. І “Пагоня”. Яна нібыта паказвае шлях. І выгукі “Верым, можам, пераможам!” як пярун разразаюць паветра. І неўміручае, светлае і сцвярджальнае “Жыве Беларусь!!!”…

Ужо трэці месяц запар я пачынаю свае фельетоны падобным апісаннем. Але гэта не дэжавю. Гэта сённяшняя беларуская рэальнасць. Кожную нядзелю людзі выходзяць на вуліцы і ідуць мірным шэсцем, каб чарговы раз задэклараваць сваё цвёрдае рашэнне дамагчыся перамен у сваёй краіне.

– Глядзі ў вакно, – гучна прапаноўваюць яны тым, хто яшчэ не выйшаў на вуліцу. – Не глядзі больш тэлевізар, глядзі ў вакно. Тут ты ўбачыш праўду!

 Праўда робіцца на вуліцы. Праўда і гісторыя. Беларуская гісторыя, якую робіць беларускі народ. І не толькі ў нядзелю. У суботу выходзяць жанчыны, у панядзелак пенсіянеры, у аўторак студэнты… І так усе колы грамадства. Спартсмены, інваліды, цяжарныя, рабочыя, усялякія… Каб у беларускім тыдні было сто дзён, то і тады на кожны дзень знайшлося б каму выйсці. І ўсе як бы паказваюць, як бы прапаноўваюць, маўляў, гляньце на нас, мы мірныя, мы за мірныя змены, ну калі да вас ужо дойдзе!

Людзі паўсюдна вывешваюць нацыянальную беларускую сімволіку. Улады загадваюць камунальшчыкам яе здзіраць. Сілавікі кантралююць гэты працэс. Часам ён выглядае так камічна і недарэчна, што нічым яго нельга растлумачыць. У Смаргоньскім раёне жыхары павесілі сцяг на самае высокае дрэва. Як ім гэта ўдалося сказаць цяжка. Бо за цэлы дзень камунальшчыкі выкарыстоўваючы навейшую тэхніку так і не змаглі яго зняць. А можа не хацелі. Толькі імітавалі працу. І тады ўлады загадалі спілаваць дрэва…

А на адной з сценаў уначы жыхары наклеілі бела-чырвона-белыя сцягі. Зранку сілавікі прывялі камунальшчыкаў каб іх аддзерці ад сцен. Але як толькі сцягі былі здзёртыя, на сцяне пад імі усе ўбачылі надпісы “Лукашэнка сыходзь”. Сілавікі так напалохаліся, што зноў закрылі іх бела-чырвона-белымі сцягамі. І пільнавалі іх так, пакуль камунальшчыкі не схадзілі за фарбай. А тыя не надта спяшаліся. Так і стаялі яны ў ганаровай варце перад нацыянальнымі сімваламі.

І гэта ўжо жыццёвыя гісторыі якія навечна ўвойдуць у жанр анекдота. Дарэчы, пра анекдоты. Народная творчасць папаўняецца імі штодзённа. Беларускі палітычны гумар аказаўся не толькі тонкі і глыбокі, але яшчэ і філасофскі. Прыкладам, развагі пра тое, ці не занадта зараз беларусы мірныя, выліліся ў вельмі сатырычным і трапным філасофскім анекдоце з яўнай незакончанай канцоўкай. Як бы слухачу самому прапаноўваецца задумацца і адказаць на гэтае пытанне. Нібыта тэставанне гэтага філасофскага пытання грамадствам адбываецца вельмі асцярожна, нават праз вытанчаны гумар і лёгка закамуфляваную сатыру. Мяркуйце самі:

“Сядзяць на даху высокага дома дзве беларускія дзяўчынкі. Адна дзяўчынка добрая, а другая дзяўчынка злая. І абедзве кідаюцца ў мінакоў камянямі. Злая дзяўчынка папала камянямі па трох чалавеках. А добрая па пяцёх. Добрая патрапіла ў двух чалавек больш. Гэта таму, што дабро заўсёды перамагае зло”.

Ці вось такі:

Тэлефануе ранкам адна сяброўка другой і кажа:

– Ты ведаеш, мой муж сёння ў ночы праз сон казаў, што трэба ісці на праўладны сход.

– Які жах, – адказвае другая. – То ты ж яму растлумач як гэта кепска, як ён прачнецца!

– Ён больш не прачнецца, – уздыхае першая.

Дарэчы, пра праўладны сход. Ён планаваўся ў гэтыя выходныя з размахам. З усёй Беларусі аўтобусамі мусілі прывезці людзей, каб яны падтрымалі нашага галоўнакамандуючага. У апошнюю хвіліну сход адмянілі. Сказалі што з-за пандэміі. Улічваючы тое, як галоўнакамандуючы пандэмію зусім нядаўна называў каронапсіхозам, дадзенае рашэнне таксама можна аднесці ў разрад анекдотаў. Ну а удзельнікі таго праўладнага мітынгу, які так і не адбыўся, цяпер могуць спакойна паглядзець тэлевізар, а могуць і ў вакно паглядзець. А там, за вакном, восень, кастрычнік, рознакаляровае лісце падае пад ногі сотням тысяч людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі, якія прапаноўваюць ім паглядзець у вакно каб убачыць праўду.

– Глядзі ў вакно, – кажуць яны. – Не глядзі тэлевізар. Глядзі ў вакно. Тут цікавей.

Пра сапраўдныя прычыны адмены праўладнага сходу гавораць няшмат, але высновы зводзяцца прыкладна да аднаго. Патэнцыйныя ўдзельнікі таго сходу маглі падмануць і не прыйсці, хтосьці прыйсці, адзначыцца і ўцячы, а хтосьці мог і далучыцца да калоны пратэстоўцаў з бела-чырвона-белымі сцягамі. А можа і ўсе далучыліся б. Бо ў Беларусі апазіцыйна настроеныя людзі былі заўсёды. Цяжка ім было. Ахвяравалі сабой. Супраць іх лёгка было выступаць на праўладных акцыях. А вось зараз апазіцыйна настроенымі сталі ўсе. Ці амаль усе. Тут ужо супраць ветру пляваць не зусім зручна. 

Каб завяршыць тэму анекдотаў, варта ўзгадаць яшчэ пра аднаго гомельскага сілавіка, які склаў пратакол на пратэстоўцаў. На судзе, на пытанне чаму ён затрымаў менавіта гэтых людзей, сілавік адказаў:

– У іх вопратка была палітычных колераў.

І гэта ўжо не анекдоты. Тут цэлыя сцэнары для будучых камедый гатовыя, героі якіх зацямняць і бравага салдата Швейка, і Астапа Бендэра, і Осціна Паўэрса, і Доктара Зло разам узятых.

І ўсё было б так смешна, каб не было так сумна. Апрануты ў незразумелыя даспехі сілавік з балаклавай на галаве і з стрэльбай у руках на сённяшні дзень адцясняе жартаўлівыя сцэнары. Зараз ён сам і сцэнар, і выканаўца, толькі далёка не камічнай ролі. І толькі моцная вытрымка мірных пратэстоўцаў, якой захапляецца ўвесь свет, не дазваляюць яму нарабіць яшчэ большай шкоды. Семдзесят восем дзён запар, дванаццаць тыдняў, беларускі народ паказвае зайздросную і неверагодную вытрымку і вартасць. І незвычайную палітычную спеласць. І самадастатковасць. Вось гэта важна, што старадаўні народ зноў адчуў сябе самадастатковым. Ён спадзяецца выключна на сябе.

Ну а заканчваць фельетон, на жаль, прыходзіцца як і іншыя цягам апошніх месяцаў. Трэба, на жаль, заканчваць інфармацыяй пра тое, што ў Мінску зачынілі дванаццаць станцый метро, адключылі інтэрнэт, перакрылі горад, вывелі на вуліцы сілавікоў і спецтэхніку, і ўсё каб перашкодзіць мірным пратэстоўцам рэалізаваць сваё Канстутыцыйнае права на мірныя сходы і свабоду выказванняў. Іх закідалі светлашумавымі гранатамі і абстралялі гумовымі кулямі… На іх напалі, іх хапалі, арыштоўвалі… І гэта не дэжавю. Гэта сённяшняя беларуская рэальнасць.

 Але людзі ўсё адно выходзяць.

Увесь свет зараз як гляне ў тэлевізар, або ў вакно, бачыць бела-чырвона-белыя сцягі.

Віктар Сазонаў

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ