Тавараабарот Беларусі з краінамі Еўразвяза ў студзені-жніўні скараціўся амаль на 16%



Тавараабарот Беларусі з краінамі Еўразвяза ў студзені-жніўні 2020 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2019 года знізіўся на 15,7% да 7 млрд 309,4 млн даляраў, сведчаць звесткі Белстата.

Экспарт тавараў у ЕЗ скараціўся на 23,4% да 3 млрд 112,8 млн даляраў, імпарт — на 8,9% да 4 млрд 196,6 млн. Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі ў студзені—жніўні 2020 года склала 1 млрд 83,8 млн даляраў.

З агульнага аб’ёму беларускага экспарту ў студзені—жніўні гэтага года на долю краін ЕАЭС прыпала 49,4% (у студзені—жніўні 2019-га — 43,1%), Расеі — 46,3% (40,6%), ЕС — 17,4% (18,7%), астатніх краін — 33,2% (38,2%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 49,7% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені—жніўні 2019 года — 55,9%), з Расіі — 49,3% (55,4%), ЕЗ — 20,7% (18,2%), астатніх краін — 29,6% (25,9%).

За восем месяцаў 2020 года зарэгістраваныя экспартна-імпартныя аперацыі са 197 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 168 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 171 краіны.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені—жніўні 2020 года былі: Расея — 47,9% усяго аб’ёму тавараабароту; Украіна — 7,4%; Кітай — 7,3%; Германія — 4,2%; Польшча — 4,1%; Літва — 2,3%, Вялікабрытанія — 1,6%; Казахстан і Нідэрланды — па 1,4%; ЗША і Італія — па 1,3%; Турцыя — 1,2%; Бразілія — 1,1%.

Тавараабарот з Расеяй паводле вынікаў васьмі месяцаў 2020 года склаў 18 млрд 262,2 млн даляраў, на 20,1% менш, чым за студзень—жнівень 2019 года, у тым ліку экспарт — 8 млрд 296,9 млн (-6,1%), імпарт — 9 млрд 965,3 млн (-28,8%).

У Вялікабрытанію экспартавана тавараў на 507 млн долараў (-69,5%), імпартавана з гэтай краіны — на 121,7 млн (-32,7%). Тавараабарот знізіўся на 65,9% да 628,7 млн даляраў.

Тавараабарот з Украінай склаў 2 млрд 818,1 млн даляраў (-26%), у тым ліку экспарт — 1 млрд 903,4 млн (-29,3%), імпарт — 914,9 млн (-18%).

У Нідэрланды экспартавана тавараў на 281 млн даляраў (-47,5%), імпартавана з краіны — на 245 млн (-10,7%). Тавараабарот знізіўся на 35% да 526 млн даляраў.

Тавараабарот з Германіяй зменшыўся на 21% да 1 млрд 603,8 млн даляраў. Экспарт знізіўся да 534,7 млн (-35,3%), імпарт — да 1 млрд 69,1 млн (-11,3%).

Экспарт у Літву знізіўся да 644,3 млн долараў (-9,7%), імпарт з гэтай дзяржавы — да 248,6 млн (-1,3%). У цэлым тавараабарот зменшыўся на 7,5% да 892,9 млн даляраў.

У Кітай экспартавана тавараў на 458,8 млн долараў (-10,8%), імпартавана з КНР — на 2 млрд 321,8 млн (-3,1%). Тавараабарот склаў 2 млрд 780,6 млн даляраў (-4,5%).

Тавараабарот з Польшчай знізіўся на 11,5% да 1 млрд 551,9 млн даляраў. Экспарт склаў 752,9 млн (-14,4%), імпарт — 799 млн (-8,6%).

Тавараабарот з Італіяй знізіўся на 16,9% да 488,3 млн даляраў. Экспарт склаў 53,7 млн (-22,3%), імпарт — 434,6 млн (-16,2%).

Экспарт у ЗША склаў 112,3 млн даляраў (-10,4%), імпарт з гэтай краіны — 397,7 млн (-13,4%). Тавараабарот знізіўся на 12,8% да 510 млн даляраў.

Тавараабарот з Францыяй склаў 276,6 млн даляраў (-8,2%), экспарт — 77 млн (+15,9%), імпарт — 199,6 млн (-15%).

Да 2017 года тавараабарот Беларусі з Еўразвязам скарачаўся на працягу больш як трох гадоў. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён зменшыўся на 22,3% да 11 млрд 175,7 млн даляраў, у 2015 годзе зніжэнне склала 28,5% у параўнанні з 2014-м. У 2017 годзе тавараабарот вырас на 30%, у 2018-м — на 19,6% да 17 млрд 331,9 млн даляраў, у 2019 годзе — знізіўся на 9% да 15 млрд 660 млн даляраў.

belapan.by