Праваабаронцы: Распачата больш за 450 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў



Паводле інфармацыі пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, з пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта 2020 года (за пяць месяцаў) у Беларусі распачата больш за 450 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў гонкі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, што адбыліся пасля асноўнага дня выбараў.

Як паведамляе сайт spring96.org, самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, на падставе якіх распачатыя справы, гэта:

— 293 (масавыя беспарадкі) — праваабаронцам вядомыя прозвішчы мінімум 119 фігурантаў спраў;

— 342 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — справы масава адкрываліся ў дачыненні да актывістаў у маі і ліпені („справа Ціханоўскага”, альбо „гродзенская справа”, „справа 14 ліпеня”);

— 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак);

— 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);

— 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) — паводле гэтага эканамічнага артыкула былі затрыманыя актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелі падчас акцый пратэсту.

Праваабаронцам таксама вядома аб распачынанні спраў згодна з арт. 188 (паклёп), арт. 339 (хуліганства) і іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса.

Праваабарончы цэнтр „Вясна” працягвае збіраць звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе.

„Па стане на 19 кастрычніка сабрана больш за 330 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 97 чалавек з гэтага спіса ўжо прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Спіс будзе абнаўляцца і дапаўняцца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Усяго на сённяшні дзень у Беларусі ў спісе палітвязняў 100 чалавек.

belapan.by