Анатоль Ваткевіч: Падобныя дзеянні сілавікоў могуць прывесці да радыкалізацыі пратэстаў
За 25-е і 26-е кастрычніка ў Пінску затрымалі каля 20 прыхільнікаў перамен. Большасць адпусцілі пасля гутаркі ў аддзяленні міліцыі, а як мінімум чатыры чалавекі трапілі ў ізалятар. Затрымлівалі нават за намер ускласці кветкі да мемарыяльнай шыльды ў гонар ахвяраў выбуху на “Пінскдрэве”, акурат у нядзелю была дзясятая гадавіна аварыі. Так за ўшанаванне памяці ў пастарунак патрапіў Анатоль Ваткевіч. Пасля складання пратакола яго адпусцілі і цяпер ён чакае суда.
– Яны сапраўды імкнуцца загнаць пратэсты ў радыкалізацыю. Бо калі мне будуць доўга пагражаць, то, напрыклад, якая будзе мая асабістая рэакцыя. Калі мяне яшчэ раз “дзёрнуць”, яшчэ раз “дзёрнуць”… Я буду вымушаны абараняцца ўсімі метадамі, нават радыкальнымі. Што мне застаецца рабіць? Яны самі вядуць да гэтага.
Пакуль пінскія праваабаронцы ўдакладняюць поўны спіс затрыманых у горадзе за нядзелю і панядзелак ды высвятляюць лёс некаторых актывістаў.
Беларускае Радыё Рацыя