Сярэдняя зарплата бюджэтнікаў у верасні знізілася да 985 рублёў



У бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені—верасні 2020 года склала 977,2 рубля, у верасні — 985,4 рубля, што на 2,3 рубля, або на 0,2%, менш, чым у жніўні 2020 года, вынікае са звестак статыстыкі.

Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—верасні 2020 года ў параўнанні са студзенем—вераснем 2019 года павялічылася на 13,9%, у верасні 2020 года ў параўнанні са жніўнем 2020-га — зменшылася на 1,1%.

Для параўнання: намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў арганізацый краіны (без мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) у студзені—верасні 2020 года склала 1.218,4 рубля, у тым ліку ў верасні — 1.264,5 рубля, што на 11,9 рубля, або на 0,9%, менш, чым у жніўні 2020 года.

Урад давядзе зарплату настаўнікаў у Беларусі да сярэдняй зарплаты па краіне не пазней чым да 2025 года, заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка 2 кастрычніка на цырымоніі ўзнагароджання пераможцы конкурсу „Настаўнік года 2020”.

„Шляхам паэтапнага штогадовага павелічэння заработнай платы педагогаў мы абавязкова давядзем яе да сярэдняй зарплаты па краіне не пазней чым да 2025 года. Будзем і далей максімальна ўлічваць вашы інтарэсы, праводзіць працу па скарачэнні неўласцівых функцый, паляпшэнні ўмоў вашай нялёгкай працы, забеспячэнні сацыяльных гарантый. Урад прыме для гэтага ўсе магчымыя меры”, — сказаў Галоўчанка.

На думку экспертаў, для павышэння зарплат ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі павінен павялічвацца прыбытак у эканоміцы і, як следства, даходы бюджэту. Аднак прыбытак у эканоміцы скарачаецца і даходы бюджэту змяншаюцца. У гэтым кантэксце разлічваць на рост зарплат бюджэтнікаў не даводзіцца.

belapan.by