Беларусы свету звярнуліся да Уладзіміра Макея
ЗВАРОТ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ ДА МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ, СТАРШЫНI КАНСУЛЬТАТЫЎНАГА САВЕТА ПА СПРАВАХ БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖЖА ПРЫ МІНІСТЭРСТВЕ ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ У.У. МАКЕЯ
Мы, беларусы, якія пражываюць у 840 гарадах і 62 краінах свету, падпісалі вотум недаверу да Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Старшыні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.У. Макея. Зварот створаны ў адказ на гвалт, рэпрэсіі, катаванні і тэрор, якія ўжываюцца да мірных грамадзян Беларусі, ізаляцыю Беларусі і ўзвядзенне новай „жалезнай заслоны”, пазбаўленне беларусаў правоў чалавека.
Мы заяўляем, што ў сітуацыі склаўшагася ўнутрыпалітычнага крызісу і нежадання афіцыйных уладаў весці дыялог з беларускім народам, уключаючы беларусаў замежжа, забеспячэнне салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце і захаванне нашай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці адбываецца выключна сіламі саміх беларусаў замежжа, хутчэй насуперак дзеянням альбо бяздзейнасці афіцыйных беларускіх уладаў на ўсіх узроўнях, у тым ліку Міністэрства замежных спраў і Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа. Пры гэтым, за ўсе гады працы Кансультатыўнага савета пад эгідай Міністэрства замежных спраў афіцыйнымі ўладамі Беларусі не была выкананая і малая частка працы, праведзенай ініцыятыўнымі групамі, грамадзянскімі аб’яднаннямі і грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа за апошнія некалькі месяцаў.
Мы, беларусы замежжа, таксама выказваем пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і патаемнай інаўгурацыі А.Г. Лукашэнка, які працягвае сілавым шляхам ўтрымліваць уладу.
У сувязі з ужываннем афіцыйнымі ўладамі Беларусі тэрору ў адносінах да мірных грамадзян Беларусі, з пачуццём глыбокага шкадавання мы выказваем свой недавер Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь, усяму складу Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь і асабіста Міністру замежных спраў і старшыні Кансультатыўнага савета У.У. Макею. У дадзеным становішчы мы не можам і не хочам давяраць У.У.Макею вызначэнне дзяржаўнай палітыкі ў частцы міжнародных адносін.
Мы таксама запрашаем У.У. Макея прыняць удзел у Сусветным Кангрэсе Беларусаў, правядзенне якога запланавана на 31 кастрычніка 2020 года. Мы прапануем У.У. Макею свабодна і адкрыта выказаць сваю пазіцыю і публічна даць справаздачу аб зробленай яго міністэрствам працы перад тварам ўсёй сусветнай супольнасці. У адваротным выпадку, мы настойваем, каб У.У. Макей добраахвотна сышоў у адстаўку з пасады старшыні Кансультатыўнага савета і Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Наш вотум недаверу ініцыяваны 17 кастрычніка 2020 года Беларусамі Канады, Ініцыятывай Беларусаў Таронта „Васількі” (Vasilki Initiative of Belarusians in Toronto, Canada), Ініцыятывай Беларусаў Замежжа, арганізатарамі Сусветнага Кангрэса Беларусаў.
На працягу аднаго тыдня – з 17 па 24 кастрычніка – вотум недаверу падпісалі беларусы 840 гарадоў з 62 краін свету, у тым ліку прадстаўнікi 119 арганізацый беларусаў замежжа, грамадскіх аб’яднанняў, народных рухаў, грамадзянскіх ініцыятываў, публічныя персоны, лідэры меркаванняў, адміністратары медыйных каналаў.
26 кастрычніка 2020 вотум недаверу накіраваны ў МЗС Беларусі хуткім заказным лістом, а таксама прадубляваны на электронную пошту.
КАНТАКТЫ ДЛЯ ПРЭСЫ:
● Vasilki Initiative of Belarusians in Toronto & GTA, Canada: Дзмітрый Гагарын: [email protected]
● Ініцыятыва Беларусы Замежжа, арганізатары Сусветнага Кангрэса Беларусаў: [email protected]
● Беларусы Канады: [email protected] , [email protected]
Канада, 26 кастрычніка 2020 г.
ЗВАРОТ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ ДА МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ, СТАРШЫНI КАНСУЛЬТАТЫЎНАГА САВЕТА ПА СПРАВАХ БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖЖА ПРЫ МІНІСТЭРСТВЕ ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ У.У. МАКЕЯ
Уладзімір Уладзіміравіч
Мы, Сусветная Беларуская дыяспара, глыбока расчараваныя працай і заяўленай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у дачыненні да правядзення прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, і асабліва ў сувязі з падзеямі, якія малi месца пасля іх. Мы лічым, што Ваша пасада з’яўляецца адной з ключавых і найбольш уплывовых у беларускім урадзе. У Вашых сілах, пры падтрымцы сусветнай грамадскасці, спыніць гвалт, рэпрэсіі, катаванні і тэрор, які ўжываюцца да мірных грамадзян Беларусі, ізаляцыю Беларусі і ўзвядзенне новай „жалезнай заслоны”, пазбаўленне беларусаў правоў чалавека.
Для Вас не сакрэт, што мы, Сусветная Беларуская дыяспара, выказваем пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і патаемнай інаўгурацыі грамадзяніна Лукашэнка, які працягвае ўтрымліваць уладу сілавым шляхам.
Галоўнымі тэзісамі прыхільнікаў А.Г. Лукашэнка заўсёды былi захаванне стабільнасці, незалежнасці і росквіту Беларусі. Пазіцыя Беларусаў Замежжа вельмі відавочная: захаванне квітнеючай і незалежнай Беларусі не азначае захаванне ўлады нязменнага прэзідэнта любым шляхам, уключаючы відавочныя фальсіфікацыі і гвалт супраць мірных грамадзян. Змена прэзідэнта, пазбаўленага падтрымкі большасці грамадзян – стандартны дэмакратычны працэс. Выбарнасці і змяняльнасць кіраўніка дзяржавы вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца аднымi з прыкмет рэспублікі як формы дзяржаўнага кіравання.
Мы ўскладалі вялікія надзеі на зацікаўленасць Міністэрства замежных спраў у цесным супрацоўніцтве з беларускімі дыяспарамі па ўсім свеце ў тым ліку, у частцы вывучэння і прыняцця перадавога дэмакратычнага вопыту развітых краін. Законам Рэспублікі Беларусь „Аб беларусах замежжа” ад 16 чэрвеня 2014 г. № 162-З вызначаны наступныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне стасункаў з беларусамі замежжа: забеспячэнне салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захаванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацаванне іх сувязяў з Рэспублікай Беларусь. У мэтах вызначэння максімальна эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа артыкулам 14 Закона устаноўлены паўнамоцтвы Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь (далей – Кансультатыўны савет).
Аднак, шэсць гадоў працы Кансультатыўнага савета не прынеслі істотных вынікаў, у чым мы глыбока расчараваныя. Разам з тым, у сітуацыі склалаўшагася самага глыбокага за ўсю сучасную гісторыю Рэспублікі Беларусь ўнутрыпалітычнага крызісу і нежадання афіцыйных уладаў весці дыялог з беларускім народам, уключаючы беларусаў замежжа як яго неад’емную частку, забеспячэнне салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце і захаванне нашай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці адбываецца выключна сіламі саміх беларусаў замежжа, якія пражываюць па ўсім свеце.
На сённяшні дзень беларуская дыяспара, якая па апошніх ацэнках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый налічвае за межамі Рэспублікі Беларусь паўтара мільёна чалавек, згуртавалася ў жаданні спыніць бязмежжа, якое адбываецца на нашай Радзіме.
Мы стварылі нацыянальныя суполкі і групы ў краінах нашага пражывання, уключаючы маленькія гарады і пасёлкі, у якіх беларуская дыяспара ніколі не была прадстаўлена да гэтага. Мы арганізоўваем і праводзім сустрэчы, мітынгі, пікеты, шэсці, культурныя і творчыя мерапрыемствы з мэтай выказаць нашу салідарнасць і падтрымку ўсім жыхарам Беларусі і ўсім беларусам ва ўсім свеце.
Мы наладзілі кантакты з мясцовай прэсай і вядзем значную працу ў гэтым напрамку. Яшчэ некалькі месяцаў таму на пытанне аб нашай Радзіме нам даводзілася доўга распавядаць пра невялікую краіну ва Ўсходняй Еўропе. Сёння нават у самых аддаленых кутках планеты людзі ведаюць пра Беларусь і пра тую бяду, якая здарылася з беларускім народам. Мы расказалі пра гэта ва ўсіх тэленавінах і газетах.
Беларусы ўсяго свету знаходзяцца ў пастаянным кантакце з прадстаўнікамі ўладаў у сваіх краінах. Мы сустракаемся з дэпутатамі парламентаў і членамі урадаў, прадстаўнікамі прафсаюзаў і грамадскіх аб’яднанняў, мы складаем петыцыі, пішам лісты, мы просім кіраўніцтва нашых краін дапамагчы беларускаму народу справіцца з тэрорам і перайсці на дэмакратычны шлях развіцця. Варта адзначыць, што беларускія дыяспары ва ўсіх дэмакратычных краінах атрымалі вельмі значны водгук на самым высокім узроўні. Сёння ўсё прагрэсіўнае чалавецтва стаіць на нашым баку.
Выказваючы самую глыбокую заклапочанасць лёсам усіх людзей у Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсій і гвалту, беларусы ва ўсім свеце арганізавалі збор ахвяраванняў і дапамогі. Людзі рознага сацыяльнага становішча і дастатку неадкладна выказалі гатоўнасць дапамагчы сваім суайчыннікам у цяжкія часы.
За ўсе гады працы Кансультатыўнага савета пад эгідай Міністэрства замежных спраў афіцыйнымі ўладамі Беларусі не была выкананая і малая частка працы, праведзенай ініцыятыўнымі групамі, грамадзянскімі аб’яднаннямі і грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа за некалькі месяцаў. Называючы рэчы сваімі імёнамі, мы адзначаем, што выкананне значнай часткі абавязкаў Міністэрства замежных спраў Беларусі і Кансультатыўнага савета ўзялі на сябе простыя беларусы, якія пражываюць па ўсім свеце. Да нашага вялікага шкадавання, дадзеная праца вядзецца хутчэй насуперак дзейнасці альбо бяздзейнасці афіцыйных беларускіх уладаў на ўсіх узроўнях, у тым ліку Міністэрства замежных спраў і Кансультатыўнага савета:
Ні да, ні пасля стварэння Кансультатыўнага савета, нам не аказвалася ніякая істотная падтрымка ў развіцці і ўмацаванні беларускіх суполак і дыяспар. На нашу думку, уся работа Міністэрства замежных спраў зводзіцца да вырашэння консульскіх пытанняў і знешнегандлёвай дзейнасці. Многія з нас у прынцыпе не маюць інфармацыі аб працы Кансультатыўнага савета, якая абмежавана правядзеннем фармальнага штогадовага пасяджэння дэлегатаў, прызначаных Адміністрацыяй прэзідэнта ў Мінску, і публікацыяй артыкула аб гэтай падзеі на сайце Міністэрства замежных спраў. Пакінуўшы Беларусь у розны час і па зусім розных прычынах, кожны з нас адчувае сябе хутчэй бежанцам. Нас не пакідае пачуццё таго, што мы не патрэбныя ўраду нашай Радзімы. Пры гэтым, мы ўвесь час маем зносіны з прадстаўнікамі іншых дыяспар і ведаем на іх прыкладзе, якую падтрымку аказваюць іх краіны дыяспарам па ўсім свеце.
Беларуская культура, гісторыя, грамадскае жыццё ніколі не былі прадстаўлены ў належнай меры ў міжнародных сродках масавай інфармацыі, за выключэннем краін, якія падтрымліваюць дыктатуру рэжыму Лукашэнка, які захапіў уладу ў Беларусі. Замест таго каб выбудоўваць канструктыўны дыялог з усімі краінамі і народамі, развіваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны, сумесна весці бізнес, пераймаць усё самае лепшае, што ёсць ва ўсім свеце, беларускі ўрад у асобе Міністэрства замежных спраў і з маўклівай згоды Кансультатыўнага савета узводзіць «жалезную заслону». У выніку гэтай дзейнасці Беларусь робіцца ізгоем на міжнароднай арэне, пры гэтым унутры Беларусі з дапамогай прапаганды насаджаецца ідэя аб варожасці сусветнай супольнасці.
На фоне імкліва пагаршаючагайся эканамічнай сітуацыі па прычыне, несумненна, нежыццяздольнай эканамічнай мадэлі і аўтарытарнага метаду кіравання, прынятых у Беларусі, і пастаяннага збяднення людзей, беларускі ўрад прыняў разнастайныя меры, каб заблакаваць паступленне дапамогі з-за мяжы. Сабраныя намі сродкі для падтрымання людзей, якія страцілі працу або якія маюць патрэбу ў лячэнні, не заўсёды паступаюць да адрасата. Наўмысна ў значнай меры абцяжараны перавод грашовых сродкаў з-за мяжы, падвяргаюцца рэпрэсіям людзі, занятыя размеркаваннем гэтай дапамогі ўнутры Беларусі.
У гэтай сітуацыі мы вымушаны выказаць глыбокую занепакоенасць уласнай бяспекай у выпадку неабходнасці наведаць нашу Радзіму. Мы асцерагаемся, што нам забароняць ўезд у Беларусь альбо выправодзяць з Беларусі, нягледзячы на тое, што мы з’яўляемся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, як гэта нядаўна было зроблена ў адносінах да кіраўніка Беларускай Каталіцкай Царквы – Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
На падставе выкладзенага і ў сувязі з ужфваннем афіцыйнымі ўладамі Беларусі тэрору ў адносінах да мірных грамадзян Беларусі, з пачуццём глыбокага шкадавання мы выказваем свой недавер Міністэрству замежных спраў, ўсяму складу Кансультатыўнага савета і Вам асабіста, як яго старшыні. У дадзеным становішчы мы не можам і не хочам давяраць Вам вызначэнне дзяржаўнай палітыкі ў частцы ўзаемаадносін беларусаў замежжа з нашай любімай Радзімай.
31 кастрычніка 2020 года запланаванае правядзенне Сусветнага Кангрэса Беларусаў. Дадзенае міжнароднае мерапрыемства арганізоўваецца беларускай дыяспарай усяго свету. Плануецца, што парадкам дня Кангрэса стануць склаўшыся палітычны крызіс у Беларусі, будучыня Беларусі і будучыня беларускіх дыяспар у прыватнасці. Чакаецца, што ўдзел у Кангрэсе прымуць беларусы, якія пражываюць ад Новазеландскага Велінгтона да Сан-Францыска на заходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі.
У выпадку, калі Вы не згодныя з нашай вышэйпададзенай пазіцыяй, мы запрашаем Вас прыняць удзел у Сусветным Кангрэсе Беларусаў, дзе Вы будзеце мець магчымасць свабодна і адкрыта выказаць Вашу пазіцыю перад тварам ўсёй сусветнай супольнасці. У адваротным выпадку, мы настойваем, каб Вы добраахвотна сышлі ў адстаўку з пасады старшыні Кансультатыўнага савета і Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Жыве Беларусь!
Беларусы свету:
Беларусы ААЭ
Беларусы Албанii
Беларусы Алжыра
Беларусы Аўстраліі
Беларусы Аўстрыі
Беларусы Балгарыі
Беларусы Бахрэйна
Беларусы Бельгіі
Беларусы Босніі і Герцагавіны
Беларусы Бразіліі
Беларусы Венгрыі
Беларусы Вялікабрытаніі
Беларусы Германіі
Беларусы Грузіі
Беларусы Грэцыі
Беларусы Даніі
Беларусы Егіпта
Беларусы ЗША
Беларусы Ізраіля
Беларусы Індыі
Беларусы Ірландыі
Беларусы Іспаніі
Беларусы Італіі
Беларусы Казахстана
Беларусы Канады
Беларусы Кіпра
Беларусы Кітая
Беларусы Латвіі
Беларусы Літвы
Беларусы Люксембурга
Беларусы Мальдываў
Беларусы Мальты
Беларусы Мексікі
Беларусы Нарвегіі
Беларусы Нідэрландаў
Беларусы Новай Зеландыі
Беларусы Партугаліі
Беларусы Паўднёвай Афрыкі
Беларусы Паўднёвай Карэі
Беларусы Польшчы
Беларусы Расеі
Беларусы Румыніі
Беларусы Саудаўскай Аравіі
Беларусы Сербіі
Беларусы Сінгапура
Беларусы Славакіі
Беларусы Славеніі
Беларусы Тайваня
Беларусы Тайланду
Беларусы Турцыі
Беларусы Украіны
Беларусы Філіпін
Беларусы Фінляндыі
Беларусы Францыі
Беларусы Чарнагорыі
Беларусы Чылі
Беларусы Чэхіі
Беларусы Швейцарыі
Беларусы Швецыі
Беларусы Эстоніі
Беларусы Японія
Жыхары Беларусi
Канада, 26 кастрычніка 2020 г.