Эксперт: Краіна ўпэўнена рухаецца да эканамічнага крызісу



Пагаршэнне сітуацыі ў фінансавым сектары будзе ўплываць на прадпрыемствы, што пагражае поўнамаштабным эканамічным крызісам. Такое меркаванне выказвае старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук у аналітычным бюлетэні Business & Economic Review (сумесны інфармацыйны прадукт BEROC, Даследчага цэнтра ІПМ і Бізнес-школы ІПМ).

На думку Крука, каб стрымаць абясцэненне рубля, Нацыянальны банк пачаў праводзіць палітыку заціскання рублёвай ліквіднасці.

„Гэта дало свае вынікі з пункта гледжання дынамікі курсу. Аднак у гэтай меры ёсць адваротны бок: рублёвае крэдытаванне не пашыраецца, прадпрыемствы не могуць атрымліваць крэдытнае падсілкоўванне. Гэта вымушае іх абмяжоўваць маштабы сваёй дзейнасці, а некаторых прыводзіць да абвастрэння фінансавых праблем”, — адзначае эканаміст.

На яго думку, калі такі статус-кво будзе захоўвацца, то можна чакаць, што хутка паўстануць новыя праблемы — будуць расці неплацяжы.

„Гэта будзе прыводзіць да далейшага пагаршэння дынамікі ВУП. Калі паглядзець на сітуацыю з пазіцыі банкаў, то і тут складана знайсці падставы для аптымізму. З аднаго боку — пагаршаецца якасць іх актываў з-за праблем з абслугоўваннем даўгоў прадпрыемстваў. З іншага боку — працягваецца адток дэпазітаў, з-за чаго банкі могуць сутыкнуцца з сітуацыяй недахопу ліквіднасці і праблемамі з выкананнем уласных абавязацельстваў”, — мяркуе Крук.

Такім чынам, адзначае ён, меры па стрымліванні дэвальвацыі пераносяць частку праблем фінансавага сектара ў рэальны.

„Прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў дрэнным фінансавым становішчы, будуць уразаць выдаткі, і гэта азначае, што зарплаты нават у намінале расці не здолеюць, не кажучы ўжо пра рэальнае выражэнне. Калі праблемы фінансавай сістэмы і ў далейшым будуць пераводзіцца на прадпрыемствы, то неўзабаве ўзнікне эфект бумеранга: банкі стануць адчуваць узмацненне праблем з якасцю актываў, а пагрозы фінансавай дэстабілізацыі і крызіс неплацяжоў будуць станавіцца ўсё больш верагоднымі”, — прагназуе Крук.

На яго думку, такі сцэнар развіцця падзей пагражае поўнамаштабным крызісам. „Краіна ўпэўненым курсам рухаецца да поўнамаштабнага эканамічнага крызісу. Але пакуль актуальнае пытанне аб тым, у якой форме, праз якія сімптомы ён будзе выяўляцца ў першую чаргу”, — падсумоўвае Крук.

belapan.by