Праваабаронца: Трэба не маўчаць пра гвалт супраць сябе і сваіх блізкіх



Парады для мірных пратэстоўцаў, якія сталіся ахвярамі гвалту лукашэнкаўскіх сілавікоў, прапануюць праваабаронцы цэнтра „Вясна”. Бо хваля гвалту над людзьмі – не прычына перастаць верыць у тое, што ўсе вакол служкі несправядлівасці.

„Хай людзі разумеюць, што яны не на самоце. Трэба звярнуцца да праваабаронцаў і не маўчаць пра гвалт супраць сябе і сваіх блізкіх”, – кажа праваабаронца з Гародні Віктар Сазонаў.

– Да нас, у праваабарончы цэнтр “Вясна”, звяртаецца вельмі многа спецыялістаў у розных галінах, звяртаюцца валанцёры, якія хочуць дапамагчы, у тым ліку звяртаюцца і спецыялісты-псіхолагі. Яны аказваюць дапамогу такім людзям, аказваюць яе бясплатна. У нас ёсць гэтыя кантакты і мы можам накіраваць гэтых людзей да гэтых спецыялістаў.

Найважнейшае ў выпадку катаванняў і гвалту сілавікоў падчас мірных пратэстаў людзям не замкнуцца ў сабе, а звярнуцца да праваабаронцаў, якія акажуць юрыдычную, маральную і іншую дапамогу. Людская салідарнасць мацней за д’ябальскае шаленства сілавікоў, заўважаюць праваабаронцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя