У Пінску шасцярых прыхільнікаў перамен пакаралі арыштам



У Пінску шасцярых прыхільнікаў перамен пакаралі адміністрацыйным арыштам за нядзельныя прагулкі па гістарычным цэнтры. Былы дэпутат гарадскога Савета Мікалай Міхалевіч, актывісты Антон Літвінчук, Сяргей Пашалюк, Анатоль Герасімовіч – атрымалі па 15 сутак, актывіст Руслан Гусейнаў – 5 сутак, а валанцёр Святлана Круцікава – 7 сутак.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Вераніка Іванова:

– Па маім меркаванні, гэта тэрор. Я неаднаразова казала пра спробы запужвання, але зараз гэта мае сістэмны характар. Калі раней гэта былі адзінкавыя, зараз гэта сістэмны характар, гэта тэрор. У падаўленні па надуманых прычынах – гэта прамая спроба заціснуць нам раты і паставіць у стойла.

Магчыма, што на тыдні пройдуць яшчэ суды над прыхільнікамі перамен, якіх затрымалі 25 кастрычніка, калі яны ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды ў гонар памяці ахвяраў выбуху на “Пінскдрэве”. Акурат была дзясятая гадавіна трагедыі.

Беларускае Радыё Рацыя