Улада робіць усё, каб не дапусціць яркай праявы страйкавага руху
Страйкі па закліку Святланы Ціханоўскай адбыліся на шмат якіх прадпрыемствах у Менску, – кажа каардынатар прафсаюза РЭП па Менску і Менскай вобласці Ігар Комлік.
Напрыклад, страйкі прайшлі на заводзе халадзільнікаў „Атлант”, маторным заводзе, Менскім трактарным і аўтамабільным заводах ды іншых прадпрыемствах:
– Іншая справа, што мерапрыемствы гэтыя праводзіліся быццам унутры прадпрыемстваў. І гэта толькі буйныя прадпрыемствы, якія я называў, пра якія ў нас ёсць звесткі. Шэраг дробных прадпрыемстваў, нам вядома, што паўдзельнічалі ў страйку. Кіраўніцтва прадпрыемстваў і сілавыя структуры ўсяляк перашкаджалі гэтаму – запужвалі, дзесьці затрымлівалі. Вось мне вядома, што на адным невялікім прыватным прадпрыемстве было затрымана АМАПам сем працаўнікоў і сёння, 27 кастрычніка, над імі павінны былі адбыцца суды. Улада робіць усё, каб не дапусціць яркай праявы страйкавага руху.
Але гэта не ўратуе чыноўнікаў і „сілавікоў”, якія захапілі ўладу, таму што пратэстны рух не згасае.
Ён набывае новыя, больш прыхаваныя формы. Але ў любы момант можа ўспыхнуць з новай сілай. І хай узурпатары ўлады не цешаць сябе надзеяй, што народ супакоіцца, будзе зноў маўчаць і спыніць барацьбу за свае правы, за нармальнае, годнае жыццё. Ужо не спыніць, – упэўнены Ігар Комлік.
Беларускае Радыё Рацыя