Суд у Гомелі пакараў арыштамі на 10-15 сутак трох супрацоўнікаў „МТС”
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы, якія міліцыя склала ў дачыненні да супрацоўнікаў кампаніі „Мабільныя Тэлесістэмы”.
26 кастрычніка пяць супрацоўнікаў „МТС” у абедзенны перапынак выйшлі ў Гомелі да свайго офіса з лістамі А4 у бел-чырвона-белым колеры. Праз восем хвілін іх затрымала міліцыя. Ноч затрыманыя правялі ў ІЧУ. Раніцай дзвюх маладых жанчын адпусцілі, склаўшы пратаколы, а трох мужчын — судзілі.
Вядучага спецыяліста кампаніі Вадзіма Дынковіча і начальніка тэхнічнага аддзела Аляксандра Уласава суд прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакараў арыштам на 15 сутак кожнага. 10 сутак атрымаў супрацоўнік „МТС” Юрый Сынкоў.
Дынковіч тлумачыў на судзе, што не лічыў свае дзеянні пікетам, бо выйшаў на ганак офіса з мэтай падтрымкі менскіх калег, якія выходзілі на акцыю салідарнасці ў сталіцы 26 кастрычніка.
Ён прасіў не караць яго арыштам, бо „будзе больш карысна” для яго і грамадства ў цэлым, калі ён заплаціць штраф. Тым не менш суддзя Сяргей Казачок прыняў рашэнне аб арышце.
Таксама 27 кастрычніка ў Навабеліцкім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола ў дачыненні да ўрача-фтызіятра Гомельскай туберкулёзнай лякарні Мікалая Козіча. За тое, што стаяў каля лякарні з плакатам „Жыве Беларусь!”, ён пакараны арыштам на 15 сутак.
Варта адзначыць, што супрацоўнікі менскага офіса „МТС” два дні запар выходзяць на акцыю салідарнасці.
Кампанія „МТС” у сваіх акаўнтах у сацсетках напярэдадні напісала: „Погляды і перакананні — гэта асабістая справа кожнага нашага супрацоўніка”.