За суткі зафіксавана больш за 20 фактаў накладання металічнага дроту на рэйкі



Невядомыя працягваюць спрабаваць блакаваць рух транспарту, у тым ліку чыгуначнага — за суткі зафіксавана больш за 20 фактаў накладання металічнага дроту на рэйкі, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў у телеграм-канале.

З пачатку года МУС зафіксавана 57 фактаў накладання старонніх прадметаў на рэйкі. Пры гэтым 40% выпадкаў (выкарыстанне металічнага дроту) выяўлена за мінулыя суткі. З іх адзін — у Магілёве, шэсць — у Бабруйску.

Ва ўсіх такіх выпадках на месцы здарэння працавалі следчыя, эксперты, міліцыянеры і чыгуначнікі. Цяпер праваахоўнікі устанаўліваюць замешаных у правапарушэннях асоб.

МУС звяртае ўвагу, што падобныя дзеянні могуць мець вынікам не толькі зрыў графіка руху цягнікоў, але таксама экстраннае тармажэнне і траўміраванне пасажыраў.

У міністэрстве ўказваюць, што наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам цягне штраф ад 6 да 10 базавых велічынь (арт. 18.1. КаАП). Падкладванне на чыгуначныя пуці прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху транспарту, цягне штраф ад 2 да 10 базавых велічынь (арт. 18.3. КаАП). Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, альбо пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або нанясенне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання, цягне пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў (арт. 310 КК).

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 27 кастрычніка заявіў, што пратэстоўцы „па многіх напрамках перайшлі чырвоную рысу”. „Ну як можна ацэньваць тое, што ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакаваць аўтаматыку, ажыццяўляць замыканне рэек. Гэта можа прывесці да сур’ёзных аварый на чыгунцы, катастрофы, да гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі”, — сказаў Лукашэнка.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка сёння таксама звярнуў увагу на сітуацыю, якая складваецца на чыгунцы, і назваў тое, што адбываецца там, дыверсіямі: „А як яшчэ расцаніць тое, калі прымусовым чынам вядуць аўтаматыку, якая кіруе рухам цягнікоў на чыгунцы, у непрацоўны стан? Што гэта, як не пагроза жыцця людзей? Што, нам абвяшчаюць рэйкавую вайну?”

БелаПАН