Звальняюць удзельнікаў страйку на „Гродна Азоце”
У ААТ „Гродна Азот” працягваецца забастоўка.
Работнікі прадпрыемства паведамляюць, што начную змену адмовіліся прымаць у цэху „Аміяк-3”, „дзе праходзіць асноўны страйк”. Замест зменшчыкаў на працу ў гэтым цэху ноччу выйшлі іншыя работнікі і самі кіраўнікі.
Працягваюць страйкаваць некаторыя іншыя цэхі і асобныя супрацоўнікі.
Адкрыта аб далучэнні да страйку ў заявах апавясцілі сем чалавек.
Адзінаццаць чалавек звольненыя мінулай датай, паведаміла крыніца на хімічным прадпрыемстве. У некаторых застаюцца заблакаванымі пропускі на завод. Супрацоўнікаў таксама выклікаюць на гутаркі ў службу бяспекі завода. Удзельнікам страйку прапанавалі напісаць заяву аб звальненні паводле ўласнага жадання, аднак тыя адмовіліся.
Затрыманага напярэдадні супрацоўніка цэха „Аміяк-3” Аляксандра Жука пакінулі ў ізалятары да суда. Апошні раз ён выйшаў на сувязь у 6.22 27 кастрычніка, пасля чаго знік, не прыйшоў на сустрэчу з калегамі. Увечары Жук патэлефанаваў з КДБ жонцы і паведаміў, што яго „выклікалі на размову”. Жука будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Забастоўка на найбуйнейшым хімічным прадпрыемстве Беларусі пачалася раніцай 26 кастрычніка. Работнікаў, якія сабраліся на прахадной прадпрыемства і адмаўляліся прымаць змену, затрымала міліцыя.
У канцэрне „Белнафтахім”, у склад якога ўваходзіць ААТ „Гродна Азот”, сцвярджаюць, што гродзенскі завод працягвае працаваць у штатным рэжыме.