Ціханоўская абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з кіраўніком МЗС Нарвегіі



 Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская абмеркавала сітуацыю ў Беларусі з міністрам замежных спраў Нарвегіі Іне Мары Эрыксен Сёрэйдэ. Сустрэча адбылася ў анлайн-фармаце, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Падчас гутаркі абмяркоўваліся магчымасці дапамогі з боку Нарвегіі. Ціханоўская адзначыла, што цяпер найбольш важна падтрымаць рабочых, студэнтаў і ўсіх, хто далучыўся да забастоўкі. Таксама яна падзякавала Нарвегіі за жорсткую палітыку ў дачыненні да рэжыму, падтрымку санкцый у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх службовых асоб, а таксама за ініцыяванне Маскоўскага механізму АБСЕ па зборы дадзеных аб злачынствах сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.

Ціханоўская і Сёрэйдэ абмеркавалі пакет дапамогі для беларускіх праваабаронцаў, СМІ, культурных дзеячаў, спартсменаў, выключаных са спартыўных федэрацый за актыўную грамадзянскую пазіцыю. „Нарвежскі бок цікавіла пытанне „Беларуськалія”, бо буйная нарвежская хімічная кампанія Yara закупляе ўгнаенні менавіта ў Беларусі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Сёрэйдэ гаварыла аб намінацыі на Нобелеўскую прэмію міру Ціханоўскай і яе паплечніц Веранікі Цапкалы і Марыі Калеснікавай, аб прызнанні жаночага руху ў Беларусі і падтрымцы беларусаў, якія змагаюцца за свабоду. Паводле слоў Ціханоўскай, калі намінацыя дазволіць вызваліць палітычных зняволеных, гэта будзе яе галоўнае дасягненне.

Раней на гэтым тыдні адбылася размова Ціханоўскай з міністрам замежных спраў Эстоніі, падчас якой абмяркоўвалася, на што можа быць накіраваная дапамога ў памеры 500 тысяч еўра, выдзеленых Эстоніяй на падтрымку грамадзянскай супольнасці. Абмяркоўвалася і пытанне склікання Савета бяспекі ААН па пытанні злачынстваў супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі пасля таго, як будзе апублікаваны даклад АБСЕ ў рамках Маскоўскага механізму.

belapan.by