Еўрапарламент занепакоены рашэннем Канстытуцыйнага суда Польшчы
Еўрапейскі парламент занепакоены рашэннем Канстытуцыйнага суда Польшчы, прынятым у аўторак тыдзень таму, якое прадугледжвае амаль поўную забарону абортаў. Пра гэта заявіў старшыня камітэта Еўрапарламента па грамадзянскіх свабодах Фернанда Лопес Агіляр. Еўрадэпутат з’яўляецца адным з аўтараў першай у Еўразвязе справаздачы, прысвечанай вяршэнству законаў у членскіх краінах ЕЗ. Агіляр пры працы над справаздачай адказваў за раздзел, прысвечаны Польшчы. Паводле яго, рашэнне Канстытуцыйнага суда будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні камітэта, пазней гэтае пытанне можа стаць тэмай рэзалюцыі Еўрапарламента.
Як паведамлялася, Канстытуцыйны суд Польшчы, які знаходзіцца пад уплывам кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць», прыняў пастанову адносна абортаў. Суд прызнаў, што перарыванне цяжарнасці з-за паталогіі плода пярэчыць Канстытуцыі. Прыняццё згаданага рашэння выклікала масавыя пратэсты ў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: DW