Пра “Купалу”, якога не пакажуць
Фільм “Янку Купалу” нам абяцаюць паказаць у афіцыйным пракаце даўно. Настолькі даўно, што ўжо мала хто памятае, дзе і калі яго абяцалі паказаць. Прэм’ера фільма пра жыццё і дзейнасці класіка мусіла адбыцца яшчэ 17 снежня 2019 года. Але не адбылася. Быццам не да канца былі зробленыя спецэфекты. Потым рэжысёр карціны Уладзімір Янкоўскі сказаў, што фільм, аказваецца, даслалі на прагляд Лукашэнку, пасля яго стужку зможа паглядзець грамадства. Куды ж нам без галоўнага кінакрытыка! І прэм’еру фільма перанеслі на 2020-ы год. І тут здарылася… Эх, чаго толькі не здарылася, але вось амаль заканчваецца 2020-ы, а абяцанай афіцыйнай прэм’еры так не з’явілася. Відаць, Аляксандр Рыгоравіч так час і знайшоў, каб паглядзець фільма пра такагога значнага для Беларусі чалавека, як Янка Купала. А, можа, яму проста фільм не спадабаўся. Мы ж самі разабрацца без галоўнага кінакрытыка не можам.
Памятаеце, некалькі тыдняў таму невядомыя выкінулі ў інтэрнэт мастацкі фільм “Янка Купала”? Тады яшчэ былі абурэнні ад генеральнага дырэктара “Беларусфільма” Уладзіміра Карачэўскага. Маўляў, гэта пірацкая версія, і з’яўленню чарнавой версіі будзе дадзеная прававая ацэнка. Дарэчы, нават праходзіла інфармацыя, што “Купалу” пакажуць на фестывалі “Лістапад”. Адкрываем афішу “ЛІстапада” – і вуаля: фільма няма. Цікава, у чым прычына: можа ў тым, што галоўны кінакрытык дагэтуль фільм не паглядзеў?