Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі на Падляшшы (абноўлена)



“Усе ведаем, што нашая чыгунка знаходзіцца ў цяжкім палажэнні, але ёсць перспектыва мадэрнізацыі,” – сказаў  прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі падчас сустрэчы з падляшскімі чыгуначнікамі ў  Беларускім музеі ў Гайнаўцы. “Дапамогуць грошы з Еўразвязу,” – дадаў прэзідэнт:

– Для аднаўлення ролі чыгункі ў Польшчы ў межах Еўразвяза, чальцом якога мы і з’яўляемся, наша краіна атрымае цягам бліжэйшых гадоў 10 дадатковых мільярдаў злотых. І гэта штогод. Ад 10 да 12 мільярдаў.

У Белавежы Браніслаў Камароўскі ездзіў старадаўняй чыгункай ды сустрэўся з леснікамі, якіх упэўніваў, што ніхто не хоча прыватызаваць ці прадаваць дзяржаўныя лясы.

– Палітычнае асяроддзе, якое настойліва сёння спрабуе распаўсюдзіць хлуслівую інфармацыю пра замер прыватызацыі лясоў у Польшчы, адначасова з’яўляецца асяроддзем, якое ў Сойме – з розных поглядаў – вырашыла згубіць запіс у Канстытуцыі, які раз і назаўсёды мусіў акрэсліць сітуацыю з лясамі Польшчы.

Браніслаў Камароўскі свой візіт на Падляшшы завершыць сёння сняданнем з сябрамі Таварыства вясковых гаспадынь з Далубова ў Карыцінах.

[Not a valid template]

Давід Гайка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

Сустрэчай з супрацоўнікамі чыгункі ў Гайнаўцы распачаўся двухдзённы візіт прэзідэнта ў рэгіён. Браніслаў Камароўскі наведаў таксама Белавежу, дзе сустрэўся з леснікамі, а пазней паразмаўляў з жыхарамі Сямятычаў:

 – Вялікі дзякуй за ўдзел у сустрэчы. Для мяне вельмі важны асяродак беларускай нацыянальнй меншасці ў Польшчы, гэта сведчанне таго, што Польшча можа і павінна быць Айчынай людзей розных- з рознымі палітычнымі поглядамі, веравызнаннем, роднай мовай. Польшча для усіх мусіць быць Айчынай і добрай маткай. 

Візіт Браніслава Камароўскага на Падляшша завершыцца 24-га сакавіка. Прэзідэнт Польшчы, які кандыдуе на другі прэзідэнцкі тэрмін, сустрэнецца з сябрамі Таварыства вясковых гаспадынь з Далубова ў Карыцінах.

Давід Гайко,  Беларускае Радыё Рацыя

* * *

28-га лютага Браніслаў Камароўскі выступіў у Беластоку ў межах кампаніі перад прэзідэнцкімі выбарамі ў траўні. На Рынку Касцюшкі Камароўскі прэзентаваў свой камітэт падтрымкі ў якога складзе між іншым прэзідэнт Беластока, падляшскі ваявода, трэнер Ягелоніі Міхал Пробеж, а таксама прадстаўнікі падляшскіх меншасцяў.

[Not a valid template]

Браніслаў Камароўскі падкрэсліў, што заўсёды ахвотна прыяжджае на Падляшша, бо шматкультурнасць гэтага рэгіёна нагадвае яму сямейныя карані.

 – Гэта блізка да маіх сямейных карэнняў на Літве, да палякаў на Віленшчыне, да палякаў на Гарадзеншчыне, блізка да ўсіх меншасцяў, якія ўтвараюць прыгожы шматкультурны клімат Рэчы Паспалітай.

Камароўскі наведвае сёння таксама Бельск Падляшскі. Сустрэча з прэзідэнтам пачалася 15 хвілін назад на рынку ля ратушы.

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы адбудуцца 10 траўня. Сярод контр-кандыдатаў Камароўскага ёсць  Андрэй Дуда з Права і Справядлівасці, Магдаліна Огурэк з Левых демакратаў ды Януш Корвін-Міке ці былы музыка Павел Кукіз.

Беларускае Радыё Рацыя, Лукаш Леанюк, Беласток