У Гомелі ўзгадалі памяць рэпрэсаваных



Ля крыжа на 9 кіламетры Чарнігаўскай шашы, дзе ў сталінскія часы адбываліся масавыя расстрэлы людзей, неабыякавыя жыхары ўсклалі кветкі. Гэтым разам прысутныя ўзгадалі рэпрэсаваных не толькі сталінскіх часоў, але і сучаснасці. Каля крыжа з’явіўся фотаздымак загінулага падчас акцый пратэсту ў Гомелі ў жніўні гэтага года Аляксандра Віхора.

Прысутныя адзначылі, што не хочуць, каб паўтарыўся 1937-ы год:

– З маўклівай згоды большасці ў грамадстве адбываюцца злачынствы. І гэта было ў 1937 годзе, гэта і зараз адбываецца.

– Людзей расстрэльвалі пры Сталіне, пры так званых добрых законах. І ў нас ёсць Канстытуцыя, ёсць законы, але ў нас вядуцца рэпрэсіі.

– Калісьці быў ужо падобны момант у гісторыі з дыктатарам, але тады, канешне, было больш жорстка. Наша задача – каб ніколі такое больш не паўтаралася. І тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, хацелася б, каб гэта было такое апошняе ў яе гісторыі.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях турмы НКУС расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У памяць пра жудасную ноч жыхары Гомеля знялі таксама відэаролік “Адпусціце мяне, Курапаты”.

Беларускае Радыё Рацыя