Жанна Чарняўская: Мы ганарымся нашым народам



Як мяняецца падыход да арганізацыі акцый салідарнасці ў Злучаных Штатах Амерыкі? Ці тэма Беларусі ў звязцы з амерыканскімі выбарамі зараз застаецца актуальнай? Якія тэмы павінны стаць прыярытэтнымі на акцыях замежжа?

Адказы на такія пытанні шукала „Госць Рацыі”, беларуска з Чыкага Жанна Чарняўская:

РР: Ці памятаеце вы, калі ў першы раз прыйшлі на акцыю салідарнасці?

– Першы раз на акцыю салідарнасці, акцыю салідарнасці ў падтрымку беларускага народа, я прыйшла 25-га чэрвеня. Я не прыйшла далучыцца, яе арганізоўвала. Мы адчувалі, што гэта неабходна. Мы адчувалі, што гэта тое, што мы абавязаныя рабіць тут, у Злучаных Штатах, каб увесь свет ведаў, што робіцца ў Беларусі. Ніякіх сумневаў у нас не было, што гэта трэба рабіць. У мяне было вельмі добрае адчуванне таму, што прыйшло нашмат больш народу, чым я нават чакала, усе вельмі добра падрыхтаваліся. Мы адчувалі яднанне і з гэтага моманту мы адчуваем яднанне тут у Чыкага, калі мы збіраемся. Мы ўжо зрабілі больш 23-х акцый толькі ў Чыкага.

РР: Мінула ўжо некалькі месяцаў, як вы пачалі акцыі. Што вы адчуваеце зараз?

– Я адчуваю, што мы ідзём наперад, я адчуваю, што хоць рэпрэсіі ў Беларусі і не спыняюцца, бо рэжым не ведае, што рабіць.Можа яны не хочуць гэта разумець, але недзе глыбока разумеюць, што доўга яны не ўтрымаюцца. З гэтым звязана жорсткасць рэжыму. Мы адчуваем, што мы пачалі штосьці важнае – аб’яднанне беларусаў па нацыянальнаму прызнаку, па прызнаку прыналежнасці да беларускай нацыі, да беларускай культуры. Гэта быў цяжкі працэс апошніх дзесяці гадоў таму, што я займаюся беларускай справай у Чыкага ўжо 10 гадоў. Але зараз гэта выглядае па-іншаму. Я не магу сказаць, што ўсе беларусы ўдзельнічаюць у акцыях і падтрымліваюць, але ўсе назіраюць, усе глядзяць. Нашмат больш беларусаў удзельнічае ў арганізацыях. Гэта не толькі акцыі, гэта спроба пачынаць розныя праекты на дапамогу Беларусі. Я адчуваю шмат падтрымкі, я шмат адчуваю актыўнасці людзей. Я бачу з’яўленне новых лідараў. Гэта вельмі цешыць таму, што чым больш лідараў, тым больш варыянтаў за кім ісці. Яны пачынаюць новыя праекты самастойна. Мы бывае абгаворваем іх, бывае яны пачынаюць гэта самі. Вельмі – вельмі прыемна бачыць. Я хачу сказаць людзям у Беларусі, што мы стараемся. Мы стараемся як толькі можна і мы ідзём у розных напрамках, мы вучымся. Палякі і ўкраінцы даўно арганізаваліся, мы яшчэ ў працэсе. Я лічу, што калі-небудзь мы будзем выступаць тут адной моцнай сілай. 

РР: Якім вам бачыцца развіццё падзей зараз?

– Мы жывём гэтым, мы жывём гэтым кожны дзень. Мы адчуваем гэта вельмі моцна. Мы бачым яшчэ большы ўздым у апошні тыдзень. Канешне ўсе думалі, што мы здолеем перамагчы рэжым хутчэй, гэта трохі не так. Ёсць шмат болю, шмат жорсткасці з боку рэжыму, але беларусы праяўляюць столькі волі, з’яднанасці. Мы навучыліся нашай персанальнай адказнасці і мы гэту персанальную адказнасць нясём наперад. Рух ідзе наперад, мы тут адчуваем моцную надзею, што мы абавязкова пераможам. Мы разумеем, што нашаму народу трэба шмат падтрымкі, таму мы і збіраем грошы тут, каб дапамагаць прадуктамі звольненым. Мы бачым рашучасць людзей ісці на вуліцы нягледзячы на страх быць звольненымі. Мы будзем рабіць усё, што заўгодна, каб толькі дапамагчы фінансава, дапамагчы прадуктамі, дапамагчы ахвяраваннямі. Мы працуем з Кангрэсам, каб быў прыняты закон Belarusian democracy, які будзе падтрымліваць пратэстны рух. Мы ганарымся нашым народам. Мы кожны дзень глядзім, у нас баліць сэрца, паплачам, парадуемся. Мы абгаворваем гэта. Беларусы ў Чыкага, як і ў другіх гарадах і штатах, мы становімся адной вялікай сям’ёй. Мы тут жывём шмат хто без сваякоў, мы ўжо становімся адзін аднаму сваякамі. Мы проста адчуваем, як у нас разам б’юцца сэрцы, б’юцца разам з нашым народам, які вырашыў перамагчы і атрымаць свабоду.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Жанна Чарняўская звярнула ўвагу, што нягледзячы на чарговую хвалю каронавіруснай інфекцыі акцыі салідарнасці ў ЗША не спыняюцца. Магчыма толькі, што будзе перагледжаны іх фармат.

Беларускае Радыё Рацыя