Зянон Пазняк:  Стварэнне „Народнага антыкрызіснага кіравання” – тактычна абгрунтаванае дзеянне



Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк пракаментаваў на сваёй старонцы ў Facebook заснаванне Паўлам Латушкам „Народнага антыкрызіснага кіравання”, новага органа беларускіх дэмакратычных сіл.

Пазняк разглядае яго як „выканаўчую структуру” на пераходны перыяд „пасля ўлады Лукашэнкі”.

Ён лічыць, што „з гледзішча перспектывы пераменаў, гэта ёсць тактычна абгрунтаванае дзеянне”.

Палітык параўноўвае НАК Латушкі са сваім „Беларускім нацыянальным сакратарыятам „Вольная Беларусь: „гэтая структура (калі яна рэальна створыцца) мае паралельнае значэнне”.

„Іншая справа, чым будзе напоўненая гэтая ініцыятыва асобаў, што прыйшлі з лукашысцкай сістэмы, азіраючыся на Маскву”, — піша Зянон Пазняк.

„Паралельныя праекты з боку прамаскоўскіх непрыяцеляў Лукашэнкі будуць працягвацца, але ўсё вырашыць нацыянальны рух „Вольная Беларусь”, як толькі ён масава ўсплыве на паверхню”.

Пазняк падкрэслівае, што яго рух „на Маскву не азіраецца і на Еўропу не спадзяецца”. „Наша перспектыва — Беларуская Беларусь”, — заяўляе Пазняк.

Беларускае Радыё Рацыя